Беларусь плануе перадаць ЕЗ справаздачу па выніках стрэс-тэстаў БелАЭС



Беларусь плануе перадаць нацыянальную справаздачу па выніках стрэс-тэстаў БелАЭС кіраўніцтву Еўразвяза, паведаміў журналістам віцэ-прэм’ер Уладзімір Сямашка ў Менску на міжнароднай канферэнцыі «Падтрымка новых энергаблокаў АЭС».

Па словах намесніка прэм’ер-міністра, стрэс-тэсты былі распрацаваны сумесна з расейскай карпарацыяй «Росатом».

Актывіст антыядравай кампаніі з Астравеччыны Мікалай Уласевіч лічыць, што такім выпрабаванням беларускай АЭС давяраць нельга.

— Справа ў тым, хто робіць гэтыя стрэс-тэсты. Калі «Росатом»сам сабе робіць стрэс-тэсты, дыяк якія гэта могуць быць тэсты. Павінен правесці незалежны бок, які можа даць аб’ектыўную ацэнку такім тэстам. А калі Росатом сам сабе праводзіць, дык ён безумоўна дасць сабе найлепшыя вынікі ў гэтых тэстах, але грош цана такім тэстам. І тое, што яны іх падрыхтуюць і дадуць Еўразвязу гэта адназначна нешта вось з гэтай, як кажуць, тэмы.

Тэкст нацыянальнай справаздачы па стрэс-тэстах павінен быць завершаны ў верасні.

Віцэ-прэм’ер Беларусі падкрэсліў, што справаздача будзе перададзена ў энергетычную камісію Еўразвяза па ініцыятыве беларускага боку. Камісія дзейнічае толькі ў рамках ЕЗ, і прадастаўленне нацыянальных справаздач абавязковае толькі для краін Еўразвяза.

Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя