Беларусь прагаласавала супраць рэзалюцыі ААН аб спыненні агню ў Сірыі



Генасамблея ААН пераважнай большасцю галасоў прыняла рэзалюцыю, якая патрабуе неадкладнага спынення агню ў Сірыі і неадкладнай дастаўкі гуманітарнай дапамогі ў найбольш пацярпелыя раёны. Беларусь прагаласавала супраць.

Як паведамляе руская служба ВВС, рэзалюцыю, праект якой 9 снежня быў прадстаўлены Канадай, падтрымалі 122 краіны. Супраць прагаласавалі 13 дзяржаў, у тым ліку Раскя, Беларусь, Іран і Сірыя. Яшчэ 36 дзяржаў устрымаліся.

У дакуменце гаворыцца пра неабходнасць поўнага спынення ўсіх нападаў на грамадзянскіх асоб і грамадзянскія аб`екты. Таксама рэзалюцыя патрабуе спынення асады гарадоў і населеных пунктаў, у тым ліку і асады раёнаў Алепа.

Пастаянны прадстаўнік Расеі пры ААН Віталь Чуркін яшчэ перад галасаваннем ў Генасамблеі ААН заявіў, што праект рэзалюцыі змяшчае сур`ёзныя недахопы, і таму Расея яго не падтрымае.

Паводле слоў Чуркіна, у праекце рэзалюцыі „няправільна вызначаны прычыны зараджэння і развіцця канфлікту ў Сірыі”, а таксама „зашкальвае абвінаваўчы акцэнт на адрас улад краіны”.

Акрамя таго, Расею не задаволіла адсутнасць у тэксце дакумента выразнага ўказання на тое, што „рэжым спынення баявых дзеянняў не можа распаўсюджвацца на тэрарыстаў”, а таксама не згадваецца ключавая праблема адмежавання ад тэрарыстаў умеранай ўзброенай апазіцыі.

Пастаянны прадстаўнік ЗША пры ААН Саманта Паўэр заявіла, што галасаванне ў Генасамблеі ААН дазволіць запатрабаваць ад Расеі і Башара Асада спыніць кровапраліцце ў краіне. Паўэр лічыць, што рэзалюцыя таксама дасць магчымасць «абараніць асноўныя прынцыпы таго, як дзяржавы павінны дзейнічаць нават ва ўмовах вайны».

Саманта Паўэр заклікала ўлады Сірыі і прыхільнікаў прэзідэнта дазволіць мірным жыхарам пакінуць усходнія раёны Алепа, за кантроль над якімі жорсткую барацьбу вядуць армія Сірыі і праціўнікі Башара Асада.

На гэтым тыдні ЗША, Брытанія, Германія, Італія, Францыя і Канада заклікалі бакі канфлікту да неадкладнага спынення агню, каб даць магчымасць супрацоўнікам ААН даставіць гуманітарную дапамогу.

Лідары шасці краін заклікалі Расею паўплываць на прэзідэнта Сірыі Башара Асада і пераканаць яго ў неабходнасці спынення ваенных дзеянняў у Алепа.

Сірыйскія ўлады выключылі магчымасць якога-небудзь перамір`я ў Алепа. 5 снежня Расія і Кітай наклалі вета на рэзалюцыю Савета бяспекі ААН аб тыднёвым спыненні агню ў гэтым горадзе.

Аднак вечарам 8 снежня міністр замежных спраў Расіі Сяргей Лаўроў паведаміў, што актыўныя баявыя дзеянні сірыйскай арміі ва ўсходнім Алепа прыпыненыя, каб мірныя жыхары маглі пакінуць горад.

На гэтым тыдні сірыйскім урадавым войскам удалося ўзяць пад кантроль усе раёны ў гістарычным цэнтры Алепа — Старым горадзе. Цяпер войскі Башара Асада кантралююць больш за дзве траціны ўсходняга Алепа і працягваюць наступленне. Як сцвярджаюць расійскія ваенныя, пад кантролем сірыйскай арміі знаходзіцца ўжо 93% тэрыторыі горада.

Паводле інфармацыі праваабаронцаў, у Алепа, на падкантрольнай паўстанцам тэрыторыі, застаюцца дзясяткі тысяч мірных жыхароў. Запасы харчавання на зыходзе, гарадскія бальніцы ва ўсходнім Алепа не працуюць.

Паводле слоў кіраўніка гарадскога савета Алепа, за апошнія 26 дзён больш за 800 чалавек загінула і яшчэ каля 3—3,5 тыс. атрымалі раненні ў асаджаных усходніх раёнах горада. Поўны кантроль над Алепа, другім па памерах сірыйскім горадам, на дадзены момант — ключавая мэта сіл прэзідэнта Башара Асада ў барацьбе супраць сірыйскай апазіцыі.

БелаПАН