Беларусь прыме ўдзел у саміце „16+1” у Сафіі



Урадавая група на чале з першым намеснікам прэм’ер-міністра Беларусі Васілём Мацюшэўскім прыме ўдзел у саміце кіраўнікоў урадаў Цэнтральнай і Усходняй Еўропы і Кітая ў фармаце „16+1”.

Саміт пройдзе 7 ліпеня ў сталіцы Балгарыі Сафіі.

У час рабочага візіту першы віцэ-прэм’ер сустрэнецца са старшынёй урада Сербіі Анай Брнабіч. Акрамя таго, Васіль Мацюшэўскі прыме ўдзел у адкрыцці бізнес-форуму краін – удзельніц фармату супрацоўніцтва „16+1”, а таксама ў пленарным пасяджэнні кіраўнікоў урадаў краін „16+1”.

На палях саміту ў першага намесніка прэм’ер-міністра запланаваны таксама двухбаковыя сустрэчы.

Фармат супрацоўніцтва „16+1” быў ініцыіраваны Кітаем у 2012 годзе. Яго мэта – актывізацыя ўзаемадзеяння КНР з краінамі Цэнтральнай і Усходняй Еўропы (Албанія, Балгарыя, Боснія і Герцагавіна, Венгрыя, Латвія, Літва, Македонія, Польшча, Румынія, Сербія, Славакія, Славенія, Харватыя, Чарнагорыя, Чэхія, Эстонія). Да гэтага часу бакі правялі шэсць самітаў: у Варшаве (2012 год); Бухарэсце (2013 год); Бялградзе (2014 год); Сучжоу (2015 год); Рызе (2016 год); Будапешце (2017 год).

У апошнія тры гады Кітай актыўна прыцягвае да ўдзелу ў фармаце „16+1” наглядальнікаў – Аўстрыю, Грэцыю, Беларусь, ЕЗ, ЕБРР. Беларусь ужо двойчы прымала ўдзел у самітах „16+1” на ўзроўні прэм’ер-міністра: у 2016 годзе ў Рызе і ў 2017 годзе ў Будапешце. У Будапешцкіх дырэктывах, прынятых па выніках саміту, быў замацаваны статус Беларусі як наглядальніка фармату.

belta.by