Беларусь сёлета — № 1 для працягу агрэсіі Расеі



„Беларусь цяпер, сёлета, у спісе № 1 для працягу агрэсіі Расеі. Гэта будзе калі не ваенная агрэсія, то варыянт аншлюсу. І Лукашэнка гэта вельмі добра разумее” — такую заяву зрабіў дэпутат Вярхоўнай рады Украіны ад Блока Пятра Парашэнкі, кіраўнік украінскай дэлегацыі ў Парламенцкай асамблеі Савета Еўропы, віцэ-прэзідэнт ПАСЕ ў 2015 і 2018 гадах Уладзімір Ар’еў.

Сваю пазіцыю дэпутат выказаў 6 сакавіка на тэлеканале „Прямий”, які падтрымлівае прэзідэнта Парашэнку.

У гэты ж дзень начальнік Генеральнага штаба — галоўнакамандуючы Узброеных сіл Украіны Віктар Мужэнка на штогадовай сустрэчы з членамі Кіеўскай асацыяцыі ваенных аташэ заявіў, што „ў сучасных геапалітычных рэаліях ваенныя пагрозы магчымыя па трох з чатырох геаграфічных напрамкаў (поўначы, усходу і поўдня)”. Генерал арміі паведаміў пра завяршэнне фарміравання Расіяй ўдарных злучэнняў на мяжы з Украінай. Беларусь у сваім аналізе ён не згадваў. У той жа час на поўначы Украіны мяжа з Беларуссю нашмат больш працяглая, чым з Расеяй.

Генеральны сакратар НАТА ў 2009—2014 гадах, пазаштатны саветнік прэзідэнта Украіны Пятра Парашэнкі (з 2016 года) Андэрс Фог Расмусен у інтэрв’ю ўкраінскаму парталу liga.net 20 лютага заявіў, што „ключавая рызыка — гэта паўтор у Беларусі ўкраінскага сцэнара з вайной і анексіяй”. „Гэтую краіну чакае такі сцэнар, калі яна не пачне рэфармавацца. Мая парада беларускаму народу і кіраўніцтву краіны ў тым, каб засцерагчыся ад агрэсіі расіян: трэба пачаць рэформы, якія вядуць да дэмакратыі і свабоды”, — сказаў Расмусен.

Паводле слоў дацкага палітыка, ён хоча, каб Беларусь атрымлівала больш дапамогі ад Захаду, але трэба бачыць пераарыентацыю краіны да свабоды і дэмакратыі. Расмусен пагадзіўся з рэплікай журналіста пра тое, што Аляксандр Лукашэнка наўрад ці збіраецца рэфармаваць краіну і рухацца на Захад. „Але гэтак жа Лукашэнка не жадае жыць пад прыгнётам Пуціна. Яму трэба выбраць: або рэформы, або пастаянны прыгнёт расіян”, — дадаў былы генеральны сакратар НАТА.

На наступны дзень міністр замежных спраў Беларусі Уладзімір Макей назваў заявы Расмусена „бязглуздзіцай”. „Як можна каментаваць бязглуздзіцу нейкіх адстаўных служачых, якія ўжо даўно не працуюць і якія страцілі сувязь з рэальнасцю?” — заявіў міністр.

belapan.by