Беларусь высылае супрацоўніка Генконсульства Польшчы ў Берасці



Беларусь высылае супрацоўніка Генеральнага консульства Польшчы ў Берасці. Пра гэта заявіў прэс-сакратар беларускага МЗС Анатоль Глаз. Рашэнне звязана з удзелам дыпламата консульства ў спробе выезду з Беларусі падазраванага ва ўчыненні смяротнага ДТЗ грамадзяніна Польшчы.

«Шчыра спадзяемся, што гэта адзінкавы выпадак, які не характарызуе МЗС Польшчы ў цэлым. Разам з тым мы не бачым магчымасці для працягу працы такога консульскага супрацоўніка на тэрыторыі Беларусі. Аб інцыдэнце мы таксама праінфармуем нашых замежных партнёраў. Разлічваем, што нашымі польскімі калегамі будуць зроблены адпаведныя высновы», – заявіў Глаз.

Ён таксама абвінаваціў супрацоўнікаў Генконсульства ў арганізацыі спробы ўцёкаў падазраванага. Паводле яго слоў, парады і паслугі консульскіх работнікаў падставілі грамадзяніна Польшчы пад змяненне меры стрымання.

reform.by