Беларусь заклікае Савет ААН скасаваць мандат спецдакладчыка па сітуацыі ў краіне



Беларусь заклікае Савет ААН па правах чалавека скасаваць мандат спецдакладчыка па сітуацыі з правамі чалавека ў краіне, заявіў пастаянны прадстаўнік Беларусі пры аддзяленні ААН у Жэневе Юрый Амбразевіч, выступаючы 14 чэрвеня на сесіі СПЧ падчас разгляду дакладу па сітуацыі ў Беларусі.

Амбразевіч адзначыў, што ў 2012 годзе мандат спецдакладчыка быў зацверджаны 15 галасамі, а гэта менш за трэць членскага складу Савета ААН па правах чалавека. На яго думку, гэта падрывае давер да дзейнасці СПЧ, дыскрэдытуе яго ў вачах структур ААН і міжнароднай супольнасці ў цэлым. „Зацвярджэнне мандата дэ-факта адной вузкай групай краін таксама прымушае сумнявацца ў наступнай непрадузятай дзейнасці мандатарыя, — заявіў Амбразевіч. — Стварэнне мандатаў без згоды ўрада закранутай краіны з’яўляецца неэфектыўным метадам работы і з’яўляецца ўмяшаннем ва ўнутраныя справы дзяржавы”.

Паводле слоў Амбразевіча, за „бясплодным мандатам” па Беларусі стаяць краіны ЕС і ЗША. Ён падкрэсліў, што з Бруселем і Вашынгтонам Мінск вядзе двухбаковыя кансультацыі, у тым ліку па пытаннях правоў чалавека, што з’яўляецца „належным доказам ў адкрытасці Беларусі”.

„Два гады ўзаемадзеяння з ЕС без яго аднабаковых санкцый у дачыненні да Беларусі прынеслі ўсім удзельнікам больш пладоў, чым папярэднія 15 гадоў абмежаванняў і забаронаў”, — заявіў Амбразевіч.

Ён зазначыў, што прынцыповая пазіцыя Беларусі аб бессэнсоўнасці і непатрэбнасці мандата застаецца нязменнай. „Перакананыя, што сітуацыя з правамі чалавека ў Беларусі кардынальна не адрозніваецца ад большасці краін свету і не нясе пагрозы ні грамадзянам Беларусі, ні нашым суседзям, ні сусветнай супольнасці ў цэлым”, — сказаў дыпламат.

Амбразевіч ніяк не пракаментаваў змест дакладу пра сітуацыю ў Беларусі, у якім адзначаецца „хуткае і рэзкае пагаршэнне агульнай сітуацыі з правамі чалавека” ў краіне за перыяд з красавіка 2016-га па сакавік 2017 года.

БелаПАН