Беларусь заняла 65-е месца ў сусветным рэйтынгу вяршэнства права



Беларусь заняла 65-е месца ў рэйтынгу вяршэнства права, апусціўшыся за год на восем пазіцый. Рэйтынг, які ахоплівае 113 краін, складзены амерыканскай арганізацыяй World Justice Project, якая прапагандуе ідэі развіцця прававой дзяржавы.

Індэкс складаюць на аснове абследавання больш як 100 тыс. дамашніх гаспадарак і экспертаў па ўсім свеце з мэтай ацэнкі, як прынцыпы вяршэнства права выконваюцца ў паўсядзённым жыцці. Пры складанні рэйтынгу аналізуюць 44 паказчыкі па васьмі крытэрыях: абмежаванне паўнамоцтваў ўрада, адсутнасць карупцыі, адкрытасць урадавых структур, бяспека, асноўныя правы чалавека, правапрымяняльная практыка, грамадзянскае і крымінальнае правасуддзе.

Арганізацыя World Justice Project адзначае сур’ёзнае пагаршэнне ў Беларусі сітуацыі з празрыстасцю дзеянняў інстытутаў улады, практыкай правапрымянення законаў і грамадзянскім правасуддзем. Пры гэтым пазіцыі краіны ў рэйтынгу па ўзроўні барацьбы з карупцыяй палепшыліся.

Традыцыйна лідарамі рэйтынгу з’яўляюцца краіны Скандынавіі — Данія, Нарвегія і Фінляндыя, а замыкаюць яго Венесуэла, Камбоджа, Афганістан. Беларусь у рэйтынгу апярэджвае сваіх найбліжэйшых суседзяў — Расею і Украіну, дзе сітуацыя з вяршэнствам права, паводле версіі World Justice Project, значна горшая.

belapan.by