Беларусь значна скароціць дыпламатычную прысутнасць у ЕЗ



Гаворка ідзе пра памяншэнне штата ў пасольствах. Колькасць пасольстваў і замежных устаноў не зведае прынцыповых змен. Пра гэта па выніках даклада Аляксандру Лукашэнку заявіў міністр замежных спраў Уладзімір Макей.

„Мы значна скарачаем дыпламатычную прысутнасць у еўрапейскіх краінах. Не маю на ўвазе, што мы скарачаем пасольствы, замежныя ўстановы. Мы скарачаем колькасць дыпламатычнага персаналу”, — прыводзіць яго словы БелТА.

Макей не стаў канкрэтызаваць, пра які скарачэнні ідзе гаворка. Паводле яго слоў, дыпламатычны персанал перакінуць на іншыя напрамкі, перш за ўсё ў краіны СНД.

„Мы ўмацоўваем шэраг пасольстваў і краіны далёкай дугі”, — дадаў Макей.

Сёння Аляксандр Лукашэнка прыняў з дакладам міністра замежных спраў Беларусі Уладзіміра Макея. Былі разгледжаны прапановы па аптымізацыі беларускай дыпламатыі, у тым ліку колькасці МЗС. Лукашэнка назваў пытанне планавым і застарэлым. Адпаведная нарада праводзілася яшчэ ў красавіку.

Паводле reform.by