Беларусь зноў у цэнтры увагі сусветных СМІ



Беларусь зноў апынулася ў цэнтры увагі сусветных сродкаў масавай інфармацыі.

І зноў з прычыны скандалу. Ва усім свеце журналісты сочаць за сітуацыяй беларускай лёгкаатлеткі Крысціны Ціманоўскай, якую пасля крытыкі беларускіх спартовых чыноўнікаў, спрабавалі вывезці з Токіа ў Беларусь. Спартоўка папрасіла Міжнародны алімпійскі камітэт аб дапамозе і пакуль застаецца ў сталіцы алімпійскіх гульняў. “Скандал у Токіа! Беларуская спартоўка знята з Алімпіяды за крытыку ўладаў і трэнераў. „Яны спрабуюць забраць мяне без маёй згоды”, – цытуе словы Ціманоўскай польскае выданне Wpolityce.

Беларускі алімпійскі камітэт сцвярджае, што адхіліў Крысціну Ціманоўскую ад удзелу ў Алімпійскіх гульнях у Токіо з -за яе дрэннага „эмацыйнага і псіхічнага стану”. Яна сама сцвярджае, што лекар яе не аглядаў, а ўлады спрабуюць прымусіць яе вярнуцца ў Беларусь. “Ціманоўская ў Instagram сказала, што не „адрэагавала б так жорстка, калі б ёй загадзя паведамілі, растлумачылі ўсю сітуацыю і спыталі, ці зможа яна прабегчы 400 метраў”, – дадае літоўскі партал Delfi.

Лукашэнка выкарыстоўвае нелегальных мігрантаў супраць Еўразвяза і Літвы

Рашэнне Лукашэнкі адкрыць мяжу з Літвой для ўцекачоў з Блізкага Ўсходу выклікала ажыўленую дыскусію ў нямецкамоўнай прэсе. Вось некаторыя з каментароў, якія з’явіліся ў нямецкіх Die Zeit, Der Spiegel, Die Süddeutsche Zeitung ды іншых выданнях.

– Наіўныя тыя ў Еўразвязе, хто лічыў, што «Лука» не будзе абараняцца. Гэтая праблема для ЕЗ будзе толькі абвастрацца.

– Усе нелегалы будуць падаваць заяўку на прытулак і застануцца ў Еўропе.

– Літва і Польшча не дапамаглі нам, калі Еўропу ў 2015 годзе захліснула хваля уцекачоў. Асноўны цяжар тады лёг на Германію, Аўстрыю і Швецыю. А «младаеўрапейццы” засталіся ў баку. Цяпер краіны Балтыі і Польшчы на сваёй скуры зразумеюць, што такое салідарнасць.

– Калі ў Літвы няма калючага дроту, то гэта не наша праблема. Мы прынялі ў сто разоў больш бежанцаў у разліку на душу насельніцтва.

Вось такія даволі крытычныя каментары гучаць у нямецка-моўнай прэсе з нагоды сітуацыі з нелегаламі на беларуска-літоўскай мяжы.

«Газпрам» скараціў транзіт газу праз Польшчу на траціну

Адзін з найбуйнейшых пастаўшчыкоў газу ў Еўропу «Газпрам» (на яго прыходзіцца каля траціны рынка) скараціў пастаўкі газу па трубаправодзе Ямал – Еўропа, які праходзіць па тэрыторыі Расеі, Беларусі, Польшчы і Германіі). Пра гэта паведамляе «Інтэрфакс» са спасылкай на дадзеныя нямецкага аператара Gascade. З 31 ліпеня знізілася запампоўванне у найбуйнейшыя сховішчы ЕЗ, якія выкарыстоўваюцца «Газпрамам». Пастаўкі па газаправодзе Ямал – Еўропа скараціліся з 84 мільёнаў кубаметраў у папярэднія некалькі сутак да 50 мільёнаў кубоў у суботу і 60 мільёнаў кубоў ў нядзелю. Звычайна ў выходныя дні запампоўванне газу наадварот расце, паколькі зніжаецца попыт з боку прамысловасці і вызваляецца дадатковы рэсурс для накіравання газу ў сховішчы.

Колькасць ахвяр лясных пажараў у Турцыі ўзрасла да васьмі

Колькасць загінулых з-за лясных пажараў у Турцыі ўзрасла да васьмі, 864 чалавекі пацярпелі, паведаміў кіраўнік Міністэрства аховы здароўя рэспублікі Фахрецін Коджы турэцкай праўладнай газеце Yeni Safak.

Паводле яго слоў, сем ахвяр у правінцыі Анталья, яшчэ адзін загінуў у Мармарысе. Пажары ў Турцыі закранулі папулярныя турэцкія курорты Мармарыс і Бадрум, дзе напярэдадні ў якасці меры засцярогі эвакуявалі пастаяльцаў трох пяцізоркавых гатэляў. Як раней заявіў міністр сельскай і лясной гаспадаркі краіны, у апошнія дні ў Турцыі патушылі 107 лясных пажараў, пакуль не ўдалося ўзяць пад кантроль яшчэ пяць – у курортных правінцыях Анталья і Мугла.

Беларускае Радыё Рацыя