Беларусаў чакае няўцямная “канстытуцыйная рэформа”



Беларусаў чакае пакуль зусім няўцямная “канстытуцыйная рэформа”. Днямі падчас прамовы перад сваёй вертыкаллю Аляксандр Лукашэнка пацвердзіў тэрміны правядзення рэферэндуму па Канстытуцыі, які мае адбыцца не пазней за люты 2022 года. Апазіцыя ў сваю чаргу рыхтуе свой праект Канстытуцыі, які назвала Народным. Толькі ці варта ўцягваецца ў гэтыя палітычныя гульні? Сваім меркаваннем дзеліцца Яна Запольская.

Прачытаўшы праект зменаў у Канстытуцыю, днямі Лукашэнка адправіў яго на дапрацоўку, але заявіў, што прапанаваныя змены – гэта “канцэпт будучага Беларусі”, і што “усе, хто хацеў узяць удзел у гэтым абмеркаванні, былі пачутыя”. Праўда, гэта будучае выглядае пакуль не ясна. На сайце палітычнай арганізацыі “Круглы стол дэмакратычных сіл”, створанай Юрыем Васкрасенскім, былым саратнікам Бабарыкі, а цяпер прыхільнікам Лукашэнкі і чальцом дзяржаўнай канстытуцыйнай камісіі, быў апублікаваны праект Асноўнага закона Беларусі. З яго вынікае, што змены закрануць найперш паўнамоцтвы прэзідэнта краіны, і што той не зможа абірацца больш, чым на два тэрміны, не зможа выдаваць дэкрэты як акты з вышэйшай юрыдычнай вагой, ня зможа адпраўляць у адстаўку ўрад, дый увогуле менавіта ўрад набудзе больш шырокія паўнамоцтвы. У той жа час найвышэйшай формай народнага народаўладдзя мае стаць Усебеларускі народны сход, які і будзе вызначаць напрамкі ўнутранай і знешняй палітыкі краіны, і мае стаць своеасаблівым другім цэнтрам улады.

Дакладна невядома, ці праект, апублікаваны Васкрасенскім, той самы, што трапіў на стол Лукашэнкі. Але верагоднасць гэтага вялікая. І з гэтага дакумента многія эксперты, у тым ліку і былы суддзя Канстытуцыйнага суда Міхаіл Пастухоў, робяць выснову, што рыхтуецца транзіт улады. Маўляў, за рэферэндумам пройдуць новыя прэзідэнцкія выбары, і на іх “элегантна” пераможа лаяльны да Лукашэнкі чалавек, сам жа Лукашэнка ачоліць прэзідыум Усебеларускага народнага сходу і надалей будзе трымаць рычагі ўлады ў сваіх руках. Ёсць і іншая версія развіцця падзей, калі прыгадаць расейскі варыянт абнулення тэрмінаў Пуціна. То бок, пасля рэферэндуму Лукашэнка абнуліць свае тэрміны і паводле зменаў зможа займаць пасаду прэзідэнта яшчэ два тэрміны запар, а там глядзіш можна каму і з сыноў перадаць “бразды правленія”. У той жа час апаненты рэжыму вырашылі даць свой адказ і пачалі распрацоўваць свае варыянты новай Канстытуцыі. Рушыла і кампанія з назвай “Народная Канстытуцыя” з жаданнем прыцягнуць да яе шырокае кола грамадзян.

Карацей, працэс пайшоў. Вось толькі тут у мяне пытанне. А якая розніца, якая ў нас цяпер Канстытуцыя? Бо і ў цяперашняй запісана і права на свабоду слова і выказвання сваіх меркаванняў, і права на мітынгі і сходы, і права на дастойнае жыццё і на недатыкальнасць асобы. І шмат іншых цалкам добрых і правільных правоў і свабодаў там прапісана. Толькі дзе Канстытуцыя, а дзе ўлады? Гэта як два полюсы, якім лёсам не наканавана сустрэцца. Так што ўцягванне ў гэтыя гульні з “канстытуцыйнай рэформай” – выглядае толькі на ўдзел у чарговым фарсе з прадказальным вынікам і вызначанымі гульцамі.

Яна Запольская, Беларускае Радыё Рацыя