Канстанцін Эгерт: Беларусі пагражае паглынанне пуцінскім рэжымам
У Беларусі ўсталёўваецца дыктатура, краіне пагражае паглынанне пуцінскім рэжымам, заявіў 27 жніўня на Львоўскім медыяфоруме палітычны аглядальнік, аўтар DW Канстанцін Эгерт.
Прыйшоў час прызнаць, сказаў ён, што Аляксандр Лукашэнка і Уладзімір Пуцін — гэта два бакі аднаго медаля, не існуе нейкага Лукашэнкі і асобнага ад яго Пуціна. Іншае ўспрыманне Лукашэнкі, з аднаго боку, зручнае для заходніх палітыкаў, з другога — уяўляе небяспеку для заходняга свету.
Эгерт прывёў у якасці прыкладу міграцыйны крызіс на мяжы Беларусі і Літвы, які „выглядае як гібрыдная вайна, санкцыянаваная Пуціным”. Ён выказаў упэўненасць, што Лукашэнка не дапусціў бы такога крызісу без санкцыі Пуціна, які, на думку эксперта, плануе выкарыстаць сітуацыю для гандлю з Захадам.
Эгерт выказаў меркаванне, што Пуцін працягне ціснуць на Беларусь, для яго гэты працэс у ліку іншага з’яўляецца часткай націску на Украіну. Эксперт звярнуў увагу на тое, што ваенная прысутнасць Расеі ў Беларусі ўжо велізарная ў сувязі з сумеснымі ваеннымі вучэннямі, якія праходзяць перыядычна.
„Пуціну трэба, каб вайсковая прысутнасць у Беларусі павялічвалася, а ў новую Канстытуцыю ўпісалі ўвядзенне расейскага рубля як адзінай валюты, — сцвярджае Эгерт. — У Беларусі ўсталёўваецца дыктатура, краіне пагражае паглынанне пуцінскім рэжымам. У Лукашэнкі не атрымаецца рабіць крок у бок Крамля, а паўкроку — у бок ЕЗ”.
Аналітык Арцём Шрайбман у сваю чаргу ацаніў тое, што адбываецца ў Беларусі, як знішчэнне парасткаў альтэрнатывы „не таму, што яны ўяўляюць пагрозу, а таму, што існуюць”. „Адбываецца зачыстка. Лукашэнка страціў стымул спынення рэпрэсій — надзею на аднаўленне з Захадам, сяброўства, флірт, зняцце санкцый”, — адзначыў ён.
VIII Львоўскі медыяфорум праходзіць 26—28 жніўня пад дэвізам: „Сапраўдная журналістыка мае значэнне”. У ім бяруць удзел прыблізна 700 журналістаў і больш за 100 спікераў з Украіны, Беларусі, ЗША, Нідэрландаў, Літвы, Польшчы, Італіі і іншых краін. 27 жніўня адна з тэм форуму — „Беларусь як фактар рэгіянальнай турбулентнасці”.
БелаПАН
