Беларусі вяртаюць статус назіральніка ў Парламенцкай канферэнцыі краін Балтыйскага мора



Пытанне надання Нацыянальнаму сходу Рэспублікі Беларусь статусу назіральніка ў Парламенцкай канферэнцыі краін Балтыйскага мора абмяркоўвалася на пасяджэнні пастаяннага камітэта арганізацыі, якое адбылося 23 студзеня ў Бруселі.

Беларусь на пасяджэнні камітэта прадстаўляў старшыня камісіі па міжнародных справах ніжняй палаты парламента Валерый Варанецкі, паведамілі БелаПАН у прэс-службе Палаты прадстаўнікоў.

„Падчас пасяджэння адбылося абмеркаванне пытання аб далейшым развіцці супрацоўніцтва Рэспублікі Беларусь і Парламенцкай канферэнцыі краін Балтыйскага мора, у тым ліку аб перспектывах надання Нацыянальнаму сходу статусу назіральніка. Варанецкі выступіў па гэтым пытанні”, — адзначылі ў прэс-службе.

У рамках візіту Варанецкага ў Брусель таксама адбыліся яго сустрэчы з намеснікам старшыні міжпарламенцкай арганізацыі Янісам Вуцансам, генеральным дырэктарам Савета дзяржаў Балтыйскага мора Майрай Морай і іншымі ўдзельнікамі мерапрыемства.

Парламенцкая канферэнцыя краін Балтыйскага мора заснаваная ў 1991 годзе ў Хельсінкі. Статус пастаяннага ўдзельніка ў ёй маюць Германія, Данія, Ісландыя, Латвія, Літва, Нарвегія, Польшча, Расія, Фінляндыя, Швецыя, Эстонія, а таксама шэраг міжнародных арганізацый, у тым ліку ПАСЕ, ПА АБСЕ і Еўрапарламент.

Прадстаўнікі беларускага парламента традыцыйна запрашаліся і бралі ўдзел у канферэнцыях міжпарламенцкай арганізацыі, аднак у 2011 годзе дэлегацыя запрошанай не была з-за ўвядзення санкцый пасля прэзідэнцкіх выбараў 19 снежня 2010 года. Пасля гэтага запрашэнні Палаце прадстаўнікоў для ўдзелу ў канферэнцыях не накіроўваліся, за выключэннем 2012 года, калі сустрэча праходзіла ў Санкт-Пецярбургу і расійскі бок, скарыстаўшыся статусам старшыні ў арганізацыі, паспрыяў удзелу ў ёй беларускіх парламентарыяў. У 2015 годзе Нацыянальны сход Беларусі пацвердзіў свой намер аб супрацоўніцтве.

belapan.by