Беларускае МЗС не атрымлівала запыт агрэману для Бабіча як новага пасла Расеі



Беларускае МЗС не атрымлівала запыт агрэману для прызначэння Міхаіла Бабіча новым паслом Расеі, паведаміў БелаПАН прэс-сакратар знешнепалітычнага ведамства Анатоль Глаз.

„У такіх выпадках прадугледжаныя пэўныя працэдуры, адной з якіх з’яўляецца запыт агрэману на прызначэнне новага пасла, — сказаў Глаз. — Такі запыт у МЗС Беларусі на сённяшні дзень не паступаў”.

Пра тое, што Масква запытала ў Менска агрэман на прызначэнне паслом Расеі ў Беларусі Міхаіла Бабіча — паўнамоцнага прадстаўніка прэзідэнта ў Прыволжскай федэральнай акрузе РФ, паведаміла 13 ліпеня агенцтва РБК са спасылкай на крыніцу, блізкую да Крамля.

Паводле інфармацыі прадстаўніка камітэта Дзярждумы па справах СНД, на наступным тыдні — арыенціровачна 18 ліпеня — кандыдатуру Бабіча плануецца разгледзець у парламенце. Паралельна пытанне аб яго прызначэнні паслом у Беларусь будзе абмяркоўвацца ў профільным камітэце верхняй палаты.

Як адзначае інфармагенцтва, пытанне аб змене пасла ў Беларусі стаіць на парадку дня даўно. Перавод Бабіча на дыпламатычную працу ў Менск у расейскіх палітычных колах называюць прызначэннем „апаратна ўплывовага чалавека на стратэгічна важны кірунак”. Палітолагі адзначаюць, што Бабіч — „чалавек з высокім узроўнем даверу прэзідэнта”, і прызначэнне яго паслом у краіну, якая з’яўляецца найбліжэйшым саюзнікам Расіі, было б цалкам лагічным.

Пасол Расеі ў Беларусі — 77-гадовы Аляксандр Сурыкаў — працуе на гэтай пасадзе ўжо 12 гадоў. Чуткі пра яго хуткую адстаўку распаўсюдзіў у пачатку чэрвеня расейскі telegram-канал „Незыгарь”. Паведамлялася, што галоўным кандыдатам на пасаду пасла быў губернатар Краснадарскага краю РФ, экс-міністр сельскай гаспадаркі Аляксандр Ткачоў, але яго кандыдатуру не ўзгадніў Менск. У канцы чэрвеня РИА Новости распаўсюдзіла інфармацыю пра магчымае прызначэнне паслом у Беларусі 49-гадовага Міхаіла Бабіча.

На пасадзе паўнамоцнага прадстаўніка прэзідэнта РФ у Прыволжскай федэральнай акрузе Бабіч працуе з 15 снежня 2011 года. Ён кандыдат эканамічных навук, член партыі „Адзіная Расія”. Быў старшынёй урада Чачэнскай Рэспублікі з лістапада 2002 года па люты 2003-га.

Пасля звальнення пасла Расеі ва Украіне Міхаіла Зурабава ў ліпені 2016 года разглядалася пытанне аб прызначэнні на гэтую пасаду Бабіча, але яго кандыдатуру не зацвердзіла МЗС Украіны. Адна з прычын адмовы была ў тым, што, будучы членам Савета бяспекі РФ, Бабіч ў 2014 годзе браў удзел у вынясенні рашэння аб уводзе ў Крым расійскіх вайскоўцаў.

Акрамя таго, украінскія палітолагі адзначалі, што Міхаіл Бабіч „раней быў ваенным дэсантнікам, падчас чачэнскай вайны кіраваў урадам рэспублікі, працаваў у ФСБ”. Эксперты ў Кіеве заяўлялі, што „Бабіч, біяграфія якога звязаная з савецкім КДБ і расійскай ФСБ, з’яўляецца „прафесійным дыверсантам” і „класічным кандыдатам Крамля для ўзаемадзеяння з сепаратыстамі ў Данбасе для арганізацыі сілавых аперацый”.

belapan.by