Беларуская дэлегацыя правяла перамовы ў ЗША



Беларуская эканамічная дэлегацыя 6—10 снежня наведала Вашынгтон. Візіт адбыўся паводле запрашэння Дзярждэпартамента ЗША, паведамілі ў МЗС Беларусі.

У склад дэлегацыі ўвайшлі намеснік кіраўніка Адміністрацыі прэзідэнта Мікалай Снапкоў, памочнік прэзідэнта Усевалад Янчэўскі, прадстаўнікі кіраўніцтва Нацыянальнага банка, міністэрстваў фінансаў, эканомікі і іншых ведамстваў. Беларуская дэлегацыя правяла перамовы ў Дзярждэпартаменце, Міністэрстве гандлю, Офісе гандлёвага прадстаўніка ЗША, Федэральнай камісіі сувязі, Міністэрстве сельскай гаспадаркі, Агенцтве міжнароднага развіцця ЗША (USAID).

Абмеркаваныя пытанні эканамічнага і гандлёва-інвестыцыйнага супрацоўніцтва Беларусі і ЗША, дасягнутыя прынцыповыя дамоўленасці аб актывізацыі ўзаемадзеяння ў сферах фінансаў і інвестыцый, высокіх тэхналогій, сельскай гаспадаркі і энергетыкі. Адбыліся таксама рабочыя сустрэчы з кіраўніцтвам Асацыяцыі прыватнага інвеставання на рынках, якія развіваюцца, карпарацый Microsoft, AGCO, Case New Holland і іншых. Абмеркаваныя канкрэтныя інвестыцыйныя праекты для рэалізацыі ў Беларусі, паведаміў МЗС.

У межах візіту праведзеныя перамовы з намеснікам дырэктара-распарадчыка Міжнароднага валютнага фонду Міцухіра Фурусава па пытаннях падрыхтоўкі праграмы МВФ для Беларусі.

Беларуская дэлегацыя наведала тэхналагічны цэнтр карпарацыі Microsoft і правяла перамовы па падрыхтоўцы пагаднення аб стратэгічным супрацоўніцтве паміж Microsoft і Беларуссю. У межах гэтага пагаднення плануецца рэалізацыя шэрагу праектаў па ўкараненні найноўшых тэхналагічных рашэнняў у сферах аховы здароўя, сельскай гаспадаркі, лагістыкі і сістэм кіравання.

Паводле інфармацыі МЗС, „сустрэчы паказалі гатоўнасць бакоў да пераходу амерыкана-беларускіх адносін у сферы эканомікі і інвестыцый на новы, больш высокі ўзровень”, „акрэсленыя практычныя захады па ажыццяўленні дасягнутых дамоўленасцяў у жыццё”.

БелаПАН