Беларуская дыяспара па ўсім свеце збірае подпісы пад антылукашэнкаўскай петыцыяй
Беларуская дыяспара па ўсім свеце на працягу выходных будзе збіраць подпісы пад петыцыяй аб афіцыйным непрызнанні Аляксандра Лукашэнкі і яго ўраду міжнароднай супольнасцю.
Пра гэта паведаміў адзін з арганізатараў акцыі ў Беластоку Ян Абадоўскі:
– Плануем 10 кастрычніка а 14-й сабрацца на „Алеі закаханых” у Беластоку ля фантана і будзем збіраць подпісы. Гэта будзе міжнародная акцыя, зробленая дыяспарай беларусаў не толькі ў Польшчы, але таксама ў іншых краінах па зборы подпісаў аб непрызнанні Лукашэнкі і ягонага ўрада іншымі ўрадамі, у тым ліку Польшчы. Мы плануем збіраць подпісы як на паперы, а таксама будзе і QR-код, які можна адсканаваць у тэлефоне і можна будзе падпісацца анлайн на сайце.
Зборам подпісаў актывісты беларускай дыяспары заклікаюць спыніць усе кантакты міжнароднай супольнасці з рэжымам Лукашэнкі. Акцыя прымеркавана да канферэнцыі ў нямецкім Нюрнбергу, якая будзе праведзена 11 кастрычніка Народным антыкрызісным ўпраўленнем на чале з Паўлам Латушкам. У ёй прымуць удзел юрысты, палітыкі і праваабаронцы. Яны будуць дыскутаваць пра спосабы ціску на рэжым у Беларусі і пра магчымасці правядзення трыбунала па злачынствах Аляксандра Лукашэнкі.
Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя
