Беларуская камісія створана ў Польскім геапалітычным таварыстве



Сярод яе задач будзе даследаванне замежнай і ўнутранай палітыкі Беларусі, манітараванне сацыяльна-эканамічнай сітуацыі ў краіне.

Адзін са стваральнікаў камісіі – выпускнік Беларускага гуманітарнага ліцэя імя Якуба Коласа Аляксандр Казак, які займаецца навуковай дзейнасцю ў Гданьску:

– Што цікава, з такіх краінаў-суседзяў у Польшчы менавіта беларуская камісія з’явілася самай першай. І акурат таго  вынікае, што Беларусь ужо пачынае адыгрываць значна большае значэнне, чым раней. Гэта будуць надта рэзкія словы, але – адліга. Менавіта з-за гэтага Польшча хоча наладжваць кантакты з Беларуссю. Гэта неабходна. Таму і паўстае такая камісія. Камісія генеральна займаецца тым, што навязвае кантакты з навукоўцамі з Беларусі, займаецца даследаваннямі Беларусі, спецыяльнымі даследаваннямі, палітычнымі, геапалітычнымі, у абшары абароны.

Таксама Беларуская камісія плануе навязваць кантакты з навукоўцамі, экспертамі і беларускімі актывістамі, якія жывуць у Польшчы. У польскім геапалітычным таварыстве будзе вывучаць хаду палітычных кампаній і сітуацыю з правамі чалавека ў краіне ды арганізоўваць дыскусіі і канферэнцыі па актуальных пытаннях беларуска-польскага супрацоўніцтва.

Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя

Фота з архіва Аляксандра Казака