Беларуская хрысціянска-дэмакратычная партыя аднаўляе сваю дзейнасць



Беларуская хрысціянска-дэмакратычная партыя аднаўляе сваю грамадска-палітычную дзейнасць. Аб рашэнні ізноў аб’яднацца вакол ідэяў і каштоўнасцей беларускай хрысціянскай дэмакратыі і аднавіць дзейнасць у тых умовах, якія склаліся, было аб’яўлена на агульнапольскай сустрэчы сябраў БХД у Беластоку.

Пасля фактычнага разгрому беларускіх дэмакратычных партый у выніку падзей 2020 года, партыя БХД сярод першых заявіла пра аднаўленне грамадска-палітычнай дзейнасці, што павінна стаць штуршком і для іншых беларускіх партый, лічыць яе сустаршыня – Георгій Дзмітрук:

-Наш план дзеянняў накіраваны на тое, каб аднавіць дзейнасць БХД ва ўмовах абмежаваных палітычных магчымасцяў. Мы лічым, што гэта стане добрым прэцэдэнтам для іншых партый. Бо мы мусім успрымаць рэчаіснаць такой, якой яна ёсць. У такіх умовах нам прыйдзецца працаваць і ў такіх умовах нашыя партнёры, нашыя выбаршчыкі чакаюць ад нас нейкіх рашэнняў. Трэба дзейнічаць цяпер і зараз. І мы запрашаем усіх нашых сябраў БХД, якія знаходзяцца ў выгнанні, да супрацы.

Беларуская хрысціянска-дэмакратычная партыя, як і шэраг іншых партый і грамадскіх арганізацый у Беларусі, пасля 2020 года зазналі небывалага масштабу тэрор і рэпрэсіі. Шэраг сябраў партыі і яе лідараў, у тым ліку сустаршыня БХД – Павел Севярынец, зараз знаходзяцца ў турмах і СІЗА Беларусі.

Беларускае Радыё Рацыя