Беларускую партыю “Зялёныя” ўзначаліў Дзмітрый Кучук (абноўлена)



19 студзеня адбыўся з’езд Беларускай партыі “Зялёныя”, які абраў новага старшыню. Ужо былая старшыня партыі Настасся Дарафеева на новы тэрмін не балатавалася.

Новым старшынём абраны 45-гадовы бізнесовец Дзмітрый Кучук, які да гэтага быў намеснікам кіраўніка партыі і збольшага і прадстаўляў партыю на беларускай арэне. Ён, напрыклад, выказваўся па актуальных пытаннях, быў адным з заяўнікаў “Чарнобыльскага шляху” ды іншых акцый, – піша nn.by.

Фота greenbelarus.info

* * * 

Беларуская партыя „Зялёныя” абярэ новага старшыню на з’ездзе 19 студзеня, паведаміла БелаПАН дзеючы старшыня партыі Анастасія Дарафеева.

Яна ўзначальвае партыю „Зялёныя” з 2015 года і сваю кандыдатуру на выбарах новага партыйнага кіраўніка вылучаць не збіраецца. „Асноўная прычына — патрэбна ратацыя, і для „зялёных” гэта прынцыповае пытанне. У нас усюды ёсць тэндэнцыя занадта доўга заставацца ва ўладзе. Я збіраюся заставацца актыўнай ў партыі, але не на пазіцыі старшыні. Планую больш займацца працай з людзьмі”, — сказала яна.

Паводле яе слоў, не ўсе запланаванае атрымалася рэалізаваць, але гэтыя планы будаваліся з „ідэалістычнай перспектывы”.

„У Беларусі няма палітычных партый, і мы зыходзім з гэтага. Гэта дапушчэнне, мы працавалі як пратапартыя. Я б назвала самым важным тое, што мы ўдзельнічалі ў беларускай антыядзернай кааліцыі, і там паўстала ідэя, а пасля Інстытутам тэхнічнай тэрмадынамікі аэракасмічнага цэнтра Германіі было рэалізавана даследаванне „Сцэнарый энергетычнай [р] эвалюцыі”. Гэта быў сур’ёзны крок, які можа стаць асновай перагляду энергетычнай стратэгіі Беларусі, што тычыцца і тэмы незалежнасці ў тым ліку. Мы хацелі пераключыцца з пратэставай рыторыкі і паказаць, за што мы выступаем. У адрозненне ад псеўдавыбарчай кампаніі, якая была інфармацыйнай кампаніяй, гэта было сапраўды палітычнае дзеянне”, — сказала Дарафеева.

Таксама сярод дасягненняў яна адзначыла працу з моладдзю і адукацыйныя праекты.

Беларуская партыя „Зялёныя” была зарэгістраваная ў 1994 годзе. Асноўныя праграмныя задачы партыі: стварэнне здаровай жыццёвага асяроддзя для чалавека, сацыяльныя і прыродныя параметры якой забяспечваюць максімум магчымасцяў для яго развіцця; фарміраванне і распаўсюджванне экалагічнага стылю мыслення на ўсе сферы жыцця людзей, у тым ліку на палітычную; мір паміж народамі і дзяржавамі; забарона, а ў перспектыве і знішчэнне ядзернай, хімічнай і біялагічнай зброі, а таксама найбольш жорсткіх відаў звычайнага ўзбраення. Партыя прытрымліваецца таксама прынцыпаў Еўрапейскай партыі зялёных, членам-назіральнікам якой з’яўляецца з 2007 года.

belapan.by