Беларускі парламентарый сустрэўся з уладамі Падляшскага ваяводства



Маршалак Артур Касіцкі сустрэўся ў аўторак (28.01) з намеснікам старшыні Савета Рэспублікі Нацыянальнага Сходу Рэспублікі Беларусь Анатолем Ісачанкам. Былі ўзняты пытанні эканамічнага і культурнага супрацоўніцтва паміж краінамі.

Беларусь – важны партнёр для Польшчы і Падляшскага ваяводства. Як падкрэсліў маршалак Артур Касіцкі, у мінулым годзе ў параўнанні з 2018 годам польскі экспарт у Беларусь вырас больш чым на 20%.

– У польскім экспарце ў Беларусь пераважаюць электрапрылады, прадукты расліннага паходжання, а таксама тэкстыльная прадукцыя. Важным элементам з’яўляюцца харчовыя тавары, усё больш польскіх прадуктаў трапляе на беларускія паліцы, асабліва калі гаворка ідзе пра малочную прадукцыю, – адзначыў маршалак.

Паводле дадзеных Упраўлення па міжнароднаму супрацоўніцтву і прасоўванні Маршалкоўскай управы Падляшскага ваяводства, Польшча з’яўляецца буйным інвестарам у Беларусь, пасля Расеі, Вялікабрытаніі і Кіпра. Польскія інвестары ў Беларусі працуюць у галінах: будаўніцтва, вырабу мэблі, будаўнічай прадукцыі, банкаўскай сферы, ІТ, харчавання, пластмасавых вырабаў ды іншых. Таксама плённым з’яўляецца польска-беларускае супрацоўніцтва ў сферы культуры. Сюды можна аднесці ўзаемны ўдзел калектываў у фестывалях, абмен музейнымі экспазіцыямі, супрацоўніцтва бібліятэк, рэалізацыя сумесных транспамежных праектаў.

Маршалак Касіцкі таксама падкрэсліў, што развіццё польска-беларускага супрацоўніцтва патрабуе прыняцця мер па паляпшэнні памежнага руху паміж Польшчай і Беларуссю.

У сустрэчы таксама прынялі ўдзел Уладзімір Чушэў, Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Рэспублікі Беларусь у Варшаве Ала Фёдарава, Генеральны консул Рэспублікі Беларусь у Беластоку, а таксама Багдан Пашкоўскі, Падляшскі ваявода і намеснік віцэ-ваявода Томаш Мадрас. Гэта было часткай двухдзённага візіту Анатоля Ісачанкі ў Польшчу.

wrotapodlasia.pl

[manual_related_posts]