Беларускія апазіцыйныя палітыкі сустрэнуцца з дэпутатамі літоўскага сейма



 

Беларускія апазіцыйныя палітыкі і дэпутаты літоўскага сейма 10 лістапада ў Вільні абмяркуюць двухбаковыя адносіны Беларусі і Літвы. З беларускага боку ў кансультацыях возьмуць удзел старшыня Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька, лідар руху „За Свабоду” Юрась Губарэвіч, сустаршыня аргкамітэта па стварэнні партыі „Беларуская хрысціянская дэмакратыя” Віталь Рымашэўскі, генеральны сакратар Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада) Мечаслаў Грыб, намеснікі старшыняў Беларускай партыі „Зялёныя” Дзмітрый Кучук і Беларускай партыі левых „Справядлівы свет” Валерый Ухналёў.

Як паведаміў Анатоль Лябедзька, з літоўскага боку плануецца ўдзел дэпутатаў вядучых парламенцкіх фракцый, у прыватнасці хрысціянскіх дэмакратаў, „зялёных” і сацыял-дэмакратаў.

Сённяшняя сустрэча — гэта пастаянная пляцоўка. Як мінімум раз на год мы сустракаемся, падводзім вынікі і абмяркоўваем планы на перспектыву„, — паведаміў Лябедзька.

Гэтым разам, адзначыў палітык, будзе абмяркоўвацца стратэгія Еўрапейскага саюза па Беларусі і саміт Усходняга партнёрства, які пройдзе 24 лістапада ў Бруселі.

„Літоўцы выкажуць свае думкі адносна будаўніцтва ў Беларусі атамнай станцыі, а таксама бачанне далейшага развіцця беларуска-літоўскіх адносін”, — сказаў Лябедзька.

 БелаПАН