Ці змянілася польская палітыка адносна Беларусі?



Агульны подпіс на бел-чырвона-белым палотнішчы. Так завершылася адмысловае пасяджэнне камісіі міжнародных спраў Польскага сейму з удзелам прадстаўнікоў беларускіх партый і рухаў.

Палотнішча цяпер захоўваецца ў Польскім сейме і сімвалізуе польска-беларускую супрацу, пра якую палчас гэтай сустрэчы і дамовіліся.

“Большасць удзельнікаў адзначылі – амаль нічога новага ў беларускай сітуацыі для сябе не адкрылі, але спадзяюцца на далейшае плённае супрацоўніцтва”, – кажа старшыня партыі левых «Справядлівы свет» Сяргей Калякін:

Канечне, нічога новага і звышнатуральнага не адбылося. Гэта была першая такая сустрэча, мы дамовіліся, што гэта пляцоўка будзе сталая. Далейшыя сустрэчы будуць мець тэматычны характар. І гэта будзе не толькі пляцоўка, на якой мы з парламетарыямі будзем абменьвацца меркаваннямі, гэта яшчэ будуць і сустрэчы беларускіх і польскіх палітычных партый.

Палітыкі дамовіліся супрацу зрабіць сталай, наступныя сустрэчы будуць тэматычнымі.

Karmazin_2

У польскі Сейм завіталі як палітыкі, якія ўжо неаднаразова тут былі, але і некаторыя- упершыню, напрыклад, лідарка сацыял-дэмакратычнай партыі (Народная грамада)  Ірына Вештард:

Я ўскладаю надзею на тое, што будзе выпрацаваная нейкая агульная пляцоўка і мы будзем супрацоўнічаць. Сустрэчы будуць пашырацца, яны будуць прыносіць плён.

Сустрэча ініцыянаваная беларускім бокам – падкрэсліў старшыня камісіі міжнародных спраў польскага Сейму Роберт Тышкевіч. Паводле яго, польскія палітыкі ў сваю чаргу таксама зацікаўленыя гэту супрацу працягваць і развіваць.

Ці змянілася польская палітыка адносна Беларусі? Такое пытанне гучала падчас сустрэчы беларускай апазіцыі з дэпутатамі польскага Сейму на адмысловым пасяджэнні камісіі міжнародных справаў. І прычыны такога пытання сапраўды ёсць.

Паведамляе Улад Грынеўскі з польскага Сейму:

 – Канкрэтнае пытанне гучала ў Польскім Сейме. Апошнія візіты польскіх дэлегацый у Беларусь, а беларускіх у Польшчу не сведчаць пра магчымасць дамовіцца з Аляксандрам Лукашэнкам.

Karmazin_1

 „Палякі для Беларусі нясуць дэмакратыю”,  – перакананы беларускі паэт і палітык Уладзімір Някляеў:

– Візіты апошняга часу, якія відавочна накіраваныя на развіццё дэмакратыі ў Беларусі. І ёсць візіты, якія накіраваныя на спробу дамовіцца з рэжымам Лукашэнкі. З польскага боку ніхто з высокіх палітыкаў, якія прыязджаі ў Беларусь (апошні па-моему быў спадар Астроўскі) не быў накіраваны на тое, каб дамовіцца з Лукашэнкам, пакінуўшы ў баку пытанні дэмакраты.

 Працягвае Анатоль Лябеддзька:

– Астроўскі прыехаў, паразмаўляў, пасля мы прыехалі, а ён ужо не намеснік міністра. Мы гатовыя канкураваць з афіцыйнай уладай. Нашыя перакананні, нашыя каштоўнасці значна бліжэй палякам, чым тое, што прапануе беларуская ўлада.

“Беларусь – найбліжэйшы сусед Польшчы”, – нагадвае старшыня Камісіі па міжнародных справах Польскага Сейму Роберт Тышкевіч.

– Польшча ясна прамаўляе – не можа быць пэўнай нармалізацыі палітычнай з Беларуссю без вырашэння праблемы палітычных вязняў у Беларусі.

Беларуская апазіцыя дамаўлялася адносна шчыльнай супрацы ў справе дэмакратызацыі Беларусі.

А пачалося паседжанне Камісіі замежных справаў у Польскім Сейме з просьбай не рабіць аўдыё ды відэазапіс, бо, як сказаў старшыня Камісіі Роберт Тышкевіч, “варта пагутарыць шчыра пра беларускія праблемы”.

Якога  меркавання прытрымліваюцца прадстаўнікі апазіцыі?

Андрэй Саннікаў, каардынатар Грамадзянскай кампаніі Еўрапейская Беларусь:

– Будзе шчырая размова пра Беларусь, пра беларускія праблемы, пра сітуацыю ў рэгіёне.

Іншае меркаванне ў лідара Аб’ядананай Грамадзянскай партыі Анатоля Лябедзькі:

 – Беларуская апазіцыя заўсёды шчырая – за зачыненымі дзвярыма ці за адчыненымі дзвярыма. Нам у таямніцы гуляць няма чаго. Гаварылі пра трохкрокавую стратэгію.  Першы крок – вызваленне палітвязняў і іх рэабілітацыя, другі – свабодныя і сумленныя выбары, трэці – план мадэрнізацыі для Беларусі.

* * *

Распавесці пра праблемы, у тым ліку пра абранне адзінага кандыдата на будучых прэзідэнцкіх выбарах, плануюць прадстаўнікі беларускай апазіцыі ў польскім Сейме.

У Сейме пройдзе адмысловае пасяджэнне камісіі міжнародных спраў, куды запрошаныя прадстаўнікі беларускіх дэмсілаў.

Паводле намесніка старшыні Руху „За Свабоду” Юрася Губарэвіча – гэта чарговая магчымасць расказаць свету пра ўнутрыбеларускія праблемы, але варта казаць не толькі пра праблемы:

– На фоне праблем у рэгіёне, яны на сёння выглядаюць не такімі пераканаўчымі, не такімі вялікімі. У першую чаргу трэба сканцэнтравацца і казаць пра тое, што мы збіраемся рабіць, каб пераадолець гэтыя праблемы. Тут у Руху “За Свабоду”, які з’яўляецца ўдзельнікам кампаніі “Народны рэферэндум”, ёсць што сказаць. Мы працуем разам з нашымі калегамі, мы аб’ядналіся не на словах, а вакол рэальнай справы.

Відавочна падчас дыскусіі ў польскім Сейме ўзнікне пытанне пра адзінага кандыдата ды яднанне беларускай апазіцыі перад прэзідэнцкімі выбарамі – пра што доўгі час не могуць дамовіцца. Юрась Губарэвіч выключае, што ў вырашэнні гэтага пытання можа дапамагчы нехта звонку:

– Я не думаю, што для таго, каб беларуская апазіцыя дамовілася паміж сабой, ёй патрэбныя нейкія пасярэднікі. Перадусім тут асноўную ролю павінна граць пачуццё адказнасці перад уласным грамадствам. Тыя людзі ў Беларусі, якія прыглядаюцца да апзіцыі, яны чакаюць, што яна будзе аб’яднаная. Адзіны кандыдат – гэта такі сімвал яднання.

У польскі Сейм на адмысловае пасяджэнне камісіі міжнародных справаў прыехалі каля 10-ці прадстаўнікоў палітычных партый і аб’яднанняў Беларусі.

* * *

3-га снежня дэлегацыя беларускай апазіцыі прыбудзе ў Варшаву. Увечары ў прадстаўнікоў партыяў і рухаў адбудзецца сустрэча ў Міністэрстве замежных справаў Польшчы, а заўтра яны прымуць удзел у паседжанні соймавай камісіі замежных справаў.

Пра гэта паведаміў лідар кампаніі “Гавары праўду” Уладзімір Някляеў:

– Асноўнае – прысутнасць усіх на пасяджэнні Камітэта замежных спраў. Другая важная сустрэча – з намеснікам міністра замежных спраў Польшчы спадаром Паўлоўскім. Магчыма некаму з нас удасца сфармуляваць нейкі агульны месыдж. 

У склад беларускай дэлегацыі ўвайшлі прадстаўнікі васьмі партыяў і грамадскіх арганізацыяў.

Беларускае Радыё Рацыя