Беларускія выбары адбываліся і ў Польшчы
Выбарчыя ўчасткі працавалі ў беларускім пасольстве ў Варшаве, а таксама ў консульствах у Беластоку, Гданьску і Белай-Падляскай. Усе яны прыпісаныя да Купалаўскай выбарчай акругі.
Старшыня выбарчай камісіі ў Варшаве Ігар Сякрэта кажа, што непасрэдна падчас галасавання да базавага спісу выбаршчыкаў, у які папярэдне былі ўнесеныя беларусы, якія стала жывуць у Польшчы і стаяць на консульскім уліку, дадаецца яшчэ адзін спіс.
– Тыя людзі, якія часова знаходзяцца на тэрыторыі Польшчы, маглі прыйсці да нас. Перад тым, як прагаласаваць, старшыня камісіі і ягоны намеснік правяраюць ці гэты грамадзянін не прагаласаваў ужо ў Рэспубліцы Беларусь. Правяраецца гэта шляхам кантактаў з выбарчай камісіяй таго ўчастка, да якога ён прыпісаны як жыхар Рэспублікі Беларусь.
Камісія не можа ацаніць працэнт яўкі на сваім участку, таму што невядома, колькі людзей дадаецца ў спісы:
– Я проста прыйшла. Мяне ў спісах не было, таму мне вельмі дзіўна, што мне паверылі на слова, хоць гэта вельмі сур’ёзныя выбары.
РР: Яны не тэлефанавалі ў Беларусь, не правяралі па электронных сродках?
– Яны мне проста паверылі на слова і запісалі мяне ў спіс.
– Мне далі бюлетэнь і сказалі, што я магу прагаласаваць толькі адзін раз. З пашпарта запісалі мае дадзеныя аб прапісцы, каб паведаміць у раённую камісію, што я ўжо прагаласавала тут.
Старшыня камісіі зазначыў, што выбаршчыкаў папярэджваюць, што дазволена галасаваць толькі адзін раз, і што адказнасць за магчымыя парушэнні будзе ляжаць на грамадзянах.
Назіральнікаў на Варшаўскім выбарчым участку няма.
Станіслаў Раманчук, Беларускае Радыё Рацыя, Варшава
Фота аўтара
