Бельгія – арыенцір для Беларусі



Бельгія з’яўляецца сацыяльна-эканамічным арыенцірам для Беларусі ў Еўразвязе. Пра гэта заявіў намеснік старшыні Палаты прадстаўнікоў Баляслаў Пірштук 22 верасня на сустрэчы з дэпутатам Палаты прадстаўнікоў Федэральнага парламента Бельгіі, кіраўніком секцыі па сувязях з Беларуссю ў межах бельгійскай групы ў Міжпарламенцкім саюзе Ёлін Ван Камп.

На думку Пірштука, візіт бельгійскай дэлегацыі ў Менск сведчыць пра тое, што ва ўзаемадзеянні парламентарыяў Беларусі і Бельгіі наступае новы этап. „І я вельмі разлічваю, што мы вернемся да таго перыяду, калі нашы міжпарламенцкія адносіны былі вельмі актыўнымі. Яшчэ зусім нядаўна, у 2006—2009 гадах, кантакты падтрымліваліся на добрым узроўні і шмат што рабілася для іх развіцця”, — дадаў віцэ-спікер.

Пірштук спадзяецца, што бельгійскія парламентарыі змогуць правесці ў Беларусі прадуктыўныя сустрэчы, пазнаёміцца з краінай і „скласці пра яе аб’ектыўнае ўяўленне”. „Для нас Бельгія з’яўляецца добрым, пазітыўным арыенцірам. І не толькі таму, што Брусель — гэта палітычная сталіца ў Еўропе, але яшчэ і таму, што ў вас вельмі добрая эканоміка, высокі ВУП, вельмі высокая якасць жыцця людзей”, — заўважыў віцэ- спікер.

Уплыў Бельгіі на сітуацыю ў Еўрапейскім звязе і на еўрапейскай прасторы ў цэлым дастаткова моцны, падкрэсліў ён. „Я ўпэўнены: калі мы пачнем актыўна працаваць, зможам разам аказваць пазітыўны ўплыў на сітуацыю на Еўрапейскім кантыненце”, — сказаў Пірштук.

Намеснік старшыні ніжняй палаты заявіў, што беларускі бок ужо зрабіў першыя крокі ў гэтым кірунку, паколькі ў ліпені 2017 года ў Менску прайшла сесія Парламенцкай асамблеі АБСЕ. „У нас была добрая магчымасць ўзаемадзейнічаць, у тым ліку з дэпутатамі Бельгіі, і я павінен сказаць, што па многіх пазіцыях мы знайшлі агульнае разуменне”, — сказаў на заканчэнне Пірштук.

БелаПАН