“Белсат” не будзе закладнікам паляпшэння беларуска-польскіх стасункаў



Тэлеканал “Белсат” не можа быць закладнікам у стасунках між дзвюма краінамі, як кажа віцэ-старшыня польска-беларускай камісіі ў польскім парламенце Адам Андрушкевіч. Паводле палітыка партыі Кукіз’15, які разам з маршалкам польскага Сената быў з візітам у Беларусі, Станіслаў Карчэўскі не пагадзіўся на ліквідацыю тэлеканала “Белсат”.

– З таго, што я чуў, тэлеканал “Белсат” не будзе ліквідаваны. Але ідуць цяпер размовы з беларускімі ўладамі, каб можна было ў Беларусі праз кабельнае тэлебачанне глядзець каналы TVP Polonia i TVP Kultura.

Тэмай размоў у Менску была таксама сітуацыя польскай меншасці, у тым ліку, двух Саюзаў палякаў. Польскі парламент будзе імкнуцца да згоды між палякамі, аднак гэта можа быць цяжкім заданнем, кажа Андрушкевіч.

– Мы разумеем, што два гэтыя бакі маюць розныя канцэпцыі дзейнасці, таму, магчыма, будзе цяжка іх памірыць. Але будзем старацца, каб прадстаўнікі гэтых саюзаў падалі адзін аднаму руку, разам утваралі адзін саюз.

5-6 снежня Беларусь з рабочым візітам наведала Парламенцкая дэлегацыя Польшчы на чале са старшынём Сената Станіславам Карчэўскім. Карчэўскі сустрэўся з кіраўніком Беларусі Аляксандрам Лукашэнкам і прадстаўнікамі беларускай апазіцыі.

Лукаш Леанюк, Беларускае Радыё Рацыя, Беласток