Без «далейшай інтэграцыі» кампенсацыя падатковага манеўру не абмяркоўваецца



Расейскі віцэ-прэм’ер Дзмітрый Козак адмовіўся абмяркоўваць з беларускай дэлегацыяй кампенсацыю Беларусі страт ад падатковага манеўру і прадастаўленне зніжак на газ. Пра гэта паведамляе interfax.ru, які спасылаецца на крыніцу, блізкую да перамоў.

Козак заявіў, што нічога не зменіцца „да прыняцця прынцыповых рашэнняў у руху ў кірунку далейшай інтэграцыі Расеі і Беларусі ў рамках Саюзнай дзяржавы”. Нешта падобнае нядаўна гаварыў Аляксандру Лукашэнку і Уладзімір Пуцін.

Перамовы ў Маскве прайшлі 11 снежня. Беларускі бок на іх прадстаўлялі віцэ-прэм’ер Ігар Ляшэнка і пасол Беларусі ў Расейскай Федэрацыі Уладзімір Сямашка. Цікава, што яшчэ нядаўна Ляшэнка быў перакананы: кампенсацыя будзе.

Падатковы манеўр у РФ прадугледжвае паэтапнае змяншэнне экспартных пошлін на нафту і нафтапрадукты, але прывядзе да падаражання расейскай нафты для нашай краіны. За бліжэйшыя чатыры гады Беларусь можа страціць ад расейскага падатковага манеўру ў нафтавай галіне да 11 млрд долараў.

Фота: kremlin.ru

[manual_related_posts]