БХД патрабуе адстаўкі міністра абароны



Прадстаўнікі аргкамітэта па стварэнні партыі „Беларуская хрысціянская дэмакратыя” падалі ў Міністэрства абароны Беларусі заяву з патрабаваннем адстаўкі міністра абароны Андрэя Раўкова і ўсіх кіраўнікоў вайсковых частак, у якіх за апошні год загінулі салдаты.

На тэрыторыю Мінабароны прадстаўнікоў БХД не пусцілі, заяву ў іх прыняў супрацоўнік бюро пропускаў, якое размешчана насупраць будынка міністэрства, адзначае сустаршыня БХД Віталь Рымашэўскі:

– Па-першае, неадкладнай адстаўкі міністра абароны Рэспублікі Беларусь. Па-другое, неадкладнага ўзяцца пад варту кіраўніцтва вайсковых частак, дзе адбыліся забойствы маладых людзей. Я нагадаю, што за апошнія некалькі месяцаў адбылося тры забойствы, гэта носіць сімптаматычны характар. Пра “дзедаўшчыну” ў Беларусі ўсе ведалі. Мы лічым, што гэты міністр мусіць сысці ў адстаўку, а вінаватыя мусяць быць пакараныя, і не толькі тыя, хто збіваў гэтага хлопца, але перадусім кіраўнікі вайсковых частак.

„Альбо міністр не ведаў, што адбываецца ў гэтых частках, — тады ён некампетэнтны і павінен сысці ў адстаўку, альбо ведаў, але пакрываў, — тады ён злачынец і павінен быць пакараны”, – дадае Віталь Рымашэўскі.

Шырокае грамадскае абмеркаванне праблемы „дзедаўшчыны” ў войску пачалося пасля трагічнага выпадку з салдатам – Аляксандрам Коржычам. Цела 21-гадовага ўраджэнца Пінска было знойдзена павешаным у падвальным памяшканні аднаго з будынкаў на тэрыторыі вайсковай вучэбнай часткі пад Барысавам. Следства ў якасці першапачатковай версіі назвала суіцыд, але сваякі салдата заявілі аб гвалтоўным характары смерці.

Улад Грынеўскі, Беларускае Радыё Рацыя