БХД у Беластоку: Нам застаецца гуртавацца і шукаць шляхі ўздзеяння на рэжым Лукашэнкі



У гасцях Беларускага Радыё Рацыя сустаршыня партыі БХД кіраўнік офіса ў Беластоку Георгій Дзмітрук і сябра Рады БХД, кіраўнік беластоцкай гарадской суполкі Сяргей Верамеенка. Яна Запольская падвяла з гасцямі вынікі 2021 года для Беларусі, а таксама даведалася, чым цяпер займаецца БХД у Польшчы і як дапамагаюць беларусам.

Сяргей Верамеенка: Склалася так, што вельмі шмат нашых сябраў, не проста грамадзян Беларусі, а менавіта сябраў БХД па розных прычынах выехалі і зараз знаходзяцца ў Беластоку. Мы вырашылі, што ёсць такая неабходнасць гуртавацца тут, гуртавацца на аснове першаснай нашай ячэйкі, ствараць гарадскую суполку, тым больш нам дазваляе статут, і аднаўляць палітычную дзейнасць, якой мы былі пазбаўленыя ў Беларусі. Тую дзейнасць, якую мы можам абсалютна легальна і з большай ступенню свабоды праводзіць ужо тут, на трэрыторыі Беластока, на Падляшшы.

– Георгій, для большасці офіс асацыюецца з нейкім будынкам, структурай, наколькі ваш офіс адпавядае такой карціне?

Георгій Дзмітрук: У выніку дзеянняў беларускага рэжыму ў мінулым годзе дзейнасць большасці палітычных партый, у тым ліку БХД, была разгромленая, таму што дзейнічаць у рамках унутры Беларусі стала проста немагчыма. Рэпрэсіі чакаюць у выпадку дзейнасці нашых людзей, сувязі ўнутры партыі гарызантальныя існуюць, яны працуюць. Нашы людзі ўдзельнічаюць актыўна ў грамадскім і палітычным жыцці ўнутры краіны. Але тыя людзі, якія выехалі, яны палічылі неабходным пачаць фармаваць такія вертыкальныя сувязі, каардынаваць дзейнасць партыі, арганізаваць навучанне, кансалідаваць тых людзей, якія вымушаныя знаходзіцца за мяжой, дапамагаць эвакуацыі, дапамагаць з інтэграцыяй, знаходжаннем тут і ўвогуле выкарыстоўваць гэтую магчымасць працаваць з людзьмі, чым мы прынялі рашэнне займацца ў Беластоку.

– Хацелася б удакладніць прававы аспект, ці гэта зарэгістраваная структура, ці гэта проста група людзей, якія сабраліся і ўтварылі суполку, як гэта выглядае?

Сяргей Верамеенка: Бліжэйшым часам мы будзем разглядаць форму нашай рэгістрацыі. Зразумела, што мы не можам і не маем права зарэгістравацца, як партыя, таму што абсалютная большасць нашых сябраў – грамадзяне Беларусі. Таму мы будзем шукаць іншую форму існавання тут, магчыма, як грамадская арганізацыя. Гэта тое, чаго мы дамагаліся ў Беларусі – існаванне ў форме партыі, у форме грамадскіх аб’яднанняў і гэтак далей. Мы будзем рыхтаваць людзей да будучай дэмакратычнай Беларусі. Мы будзем адказваць на пытанні, што нам рабіць пасля сыходу Лукашэнкі.

– Ці кантактуеце вы з блізкімі аднаго з лідараў БХД, палітвязня Паўла Севярынца?

Георгій Дзмітрук: Мы кантактуем з сям’ёй – з жонкай і з мамай. У нас ёсць невялікае ўзаемадзеянне і гаворым пра тое, што мы робім. Мы плануем займацца і дапамогай сям’і, і падтрымліваць не толькі Паўла Севярынца, але і іншых палітвязняў, якія знаходзіцца на сённяшні дзень у засценках. Таму абарона палітвязняў гэта адзін з асноўных напрамкаў нашай дзейнасці.

– Ці правільна я разумею, што ваша беластоцкая арганізацыя – адкрытая структура, і як да вас можна далучыцца і дапамагчы?

Георгій Дзмітрук: Мы адкрытыя і запрашаем усіх беларусаў далучыцца да нашай працы. Працы хопіць усім планы ў нас, я б сказаў, вялікія. Таму паступова, крок за крокам, мы будзем прасоўвацца і легалізоўваць сваю дзейнасць у рамках польскага заканадаўства. Будзем устанаўліваць сувязі з грамадскім арганізацыям, з палітычнымі арганізацыямі, з беларускімі арганізацыямі, культурнымі арганізацыямі. З мэтай узаемадапамогі, таму што мы зусім кароткі час знаходзімся тут і ў нас не хапае аб’ёму ведаў. Але мы разумеем, што ў рамках дэмакратычнага грамадства. Мы спадзяемся на тое, што ўвогуле ўлада будзе нам дапамагаць і садзейнічаць. Не будзе перашкаджаць, як мы прывыклі знаходзячыся ў Беларусі. Спадзяемся на поспех, наша справа правая мы ведаем, што губляць час, калі мы знаходзімся тут, няма сэнсу. Нам застаецца, ёсць цудоўнае беларускае слова, гуртавацца, вучыцца. Ёсць сэнс разам шукаць шляхі ўздзеяння на рэжым Лукашэнкі і фармаваць ужо будучае ўяўленне пра тое, якой мы бачым нашу краіну.

Цалкам размову можна паслухаць у далучаным аўдыёфайле:

Беларускае Радыё Рацыя