Блогер Аляксандр Лапшын экстрадаваны ў Азербайджан



Блогер Аляксандр Лапшын 7 лютага быў экстрадаваны з Беларусі ў Азербайджан, паведаміла ў „Фэйсбуку” яго жонка Кацярына.

„Пакуль ішло пасяджэнне (калегіі Вярхоўнага суда Беларусі), атрымліваецца, яго ўжо грузілі ў самалёт! Мне толькі што тэлефанавалі з консульства Ізраіля. Так, людзі, гэта праўда, ён у Баку. Хоць быў пададзены ліст аб дадатковай абароне, была пададзеная заява ў КПЧ ААН (Камітэт ААН па правах чалавека). Ні сваякі, ні адвакаты, ні пасольствы, ніхто не быў інфармаваны пра тое, што адбываецца насамрэч”, — напісала яна.

Інфармацыю аб дэпартацыі Лапшына пацвярджаюць паведамленні азербайджанскіх СМІ, у прыватнасці агенцтва Trend.

Як паведамлялася раней, раніцай 7 лютага калегія па крымінальных справах Вярхоўнага суда Беларусі ў закрытым рэжыме разгледзела апеляцыю Лапшына на пастанову Менгарсуда, які прызнаў законным рашэнне Генпракуратуры Беларусі аб экстрадыцыі. У задавальненні скаргі было адмоўлена. Пасля пасяджэння адвакат блогера паведаміла журналістам, што ў аддзел па грамадзянстве і міграцыі ГУУС Менгарвыканкама было пададзенае хадайніцтва аб даванні Лапшыну ў Беларусі дадатковай абароны, а таксама скарга ў Камітэт ААН па правах чалавека.

Расейска-ізраільскі блогер Аляксандр Лапшын быў затрыманы ў Менску 14 снежня 2016 года на запыт Азербайджана, які абвясціў яго ў міжнародны вышук за незаконнае наведванне Нагорнага Карабаха. Яму таксама інкрымінуюць „публічныя заклікі, скіраваныя супраць дзяржавы”. Лапшыну ў Азербайджане пагражае да васьмі гадоў пазбаўлення волі.

МЗС Ізраіля звярталася да ўладаў Беларусі з просьбай не экстрадаваць Лапшына ў Азербайджан. Акрамя таго, Ізраіль па дыпламатычных каналах дамагаўся ад Баку спынення крымінальнага пераследу блогера, паведамлялі ізраільскія СМІ. Расея таксама выступіла супраць экстрадыцыі Лапшына ў Азербайджан — пра гэта заявіў 17 студзеня міністр замежных спраў РФ Сяргей Лаўроў. Актыўны ўдзел у лёсе затрыманага блогера бралі прадстаўнікі пасольстваў Ізраіля і Расеі ў Беларусі. Рашэнне Генеральнай пракуратуры Беларусі аб экстрадыцыі Лапшына ў Азербайджан было ўручанае блогеру 18 студзеня.

3 лютага падчас сустрэчы з прадстаўнікамі грамадскасці і СМІ Аляксандр Лукашэнка пракаментаваў сітуацыю з затрыманнем і магчымай экстрадыцыяй блогера. Спачатку кіраўнік дзяржавы ўдакладніў ў міністра ўнутраных спраў Ігара Шуневіча, ці знаходзіцца блогер яшчэ ў Беларусі, і, атрымаўшы станоўчы адказ, адрэагаваў: „Ну ты ствараеш лішнія праблемы. Ужо даўно яго трэба было пераслаць туды, куды трэба. Я ж вам даручыў: аддайце яго паводле закону”.

Лукашэнка заявіў, а Шуневіч пацвердзіў, што Лапшын быў затрыманы ў Мінску не з ініцыятывы Азербайджана, а таму, што знаходзіўся ў вышуку па лініі Інтэрпола. „Мы згодна з рашэннем Інтэрпола яго затрымалі. І згодна з усімі законамі і парадкам мы павінны яго перадаць Азербайджану. Вядома, мы яго наогул можам выпусціць, але гэта будзе няправільна. Гэтак жа паставяцца потым і да нас. Таму па ўсіх пагадненнях мы павінны яго перадаць Азербайджану”, — сказаў кіраўнік дзяржавы.

Паводле яго слоў, ніякіх падстаў не аддаваць Лапшына Азербайджану ў беларускага боку няма. Пры гэтым Лукашэнка сказаў, што даручаў кіраўніку МЗС Уладзіміру Макею „паспрабаваць з міністрамі замежных спраў Ізраіля, Расіі і Азербайджана ўзгадніць, каб гэта прыгожа разысціся, каб лёс гэтага чалавека не стаў, <…> каб ён не стаў нейкім закладнікам”. „Ёсць жа гэтыя развязкі, правілы правіламі, але калі Ізраіль, Азербайджан і Расея дамовяцца, мы зробім, як яны дамовяцца. А ніхто не захацеў дамаўляцца”, — канстатаваў кіраўнік дзяржавы.

Ён упэўнены, што „Ізраіль і Азербайджан, Расія тут пастолькі паколькі, ці дамовіліся, ці дамовяцца пра лёс гэтага чалавека”. „Калі Ізраіль захоча, у гэтага чалавека з галавы не ўпадзе ніводзін волас”, — скончыў Лукашэнка.

БелаПАН