Bloomberg: Нафтавае эмбарга ЕЗ супраць РФ можа запрацаваць да канца года



Еўразвяз плануе на наступным тыдні абвесціць аб шостым пакеце санкцый супраць Расейскай Федэрацыі. Верагодна ЕЗ плануе адключыць «Сбербанк» ад сістэмы SWIFT. Апроч таго, крыніцы агенцыі «Bloomberg» паведамляюць, што Еўразвяз можа ўжо да канца года паўнавартасна запусціць нафтавае эмбарга.

Верагодна Еўразвяз плануе ўвесці забарону імпарту расейскай нафты з канца года, а да таго моманту будуць паступова ўводзіцца абмежаванні. Раней хадзілі чуткі, што спачатку пад забарону можа патрапіць расейская танкерная нафта, а потым – трубаправодная.

Іншыя варыянты, якія абмяркоўваліся для скарачэння нафтавых даходаў Расеі, уключалі абмежаванне коштаў, а таксама спецыяльныя механізмы аплаты праз эскроў-рахункі і адмысловыя тарыфы.

Сярод іншых прапаноў, якія будуць абмяркоўвацца ў рамках новага пакета санкцый – абмежаванні на кансалтынгавыя і воблачныя паслугі, а таксама на куплю нерухомасці.