БНК прыняў зварот да беларускага народа



Беларускі Нацыянальны Кангрэс прыняў зварот да беларускага народа.

У пятніцу, 24 лютага, у Менску адбылося пасяджэнне Рады Беларускага Нацыянальнага Кангрэсу.

Падчас пасяджэння Рады БНК ішла гутарка аб пашырэнні Рады БНК і магчымасці персанальнага сяброўства.

Аб выніках першага этапу пратэстаў у Беларусі, звязаных з дэкрэтам “аб дармаедах” выступалі Уладзімір Някляеў, Генадзь Фядыніч, Алесь Яўсеенка, Сяргей Верамеенка.

Пасля гутаркі аб выніках першых пратэстаў, сябры Рады БНК вялі шчырую гутарку аб падрыхтоўцы другога этапу пратэстаў. Па гэтых пытаннях выступілі Яўген Афнагель і Мікалай Статкевіч.

Сябры Рады мелі сур’ёзную размову і аб стварэнні рэгіянальных вайсковых камісій, разглядалі шэраг іншых пытанняў, звязаных з эканамічнай і палітычнай сітуацыяй, якая сёння склалася ў Беларусі.

Рада Беларусага Нацыянальнага Кангрэсу прыняла Зварот да народа Беларусі.              

ЗВАРОТ

Беларускага Нацыянальнага Кангрэса да народа Беларусі

Па буйным гарадам краіны пракацілася хваля пратэстаў супраць дэкрэта аб „дармаедах”. Увесь свет убачыў, што Беларусь прагне перамен. Людзі стаміліся ад паўжабрацкага існавання, ад хлуслівай, безадказнай і карумпаванай улады.

 Нармальнае жыццё прыйдзецца здабываць. Трэба прымусіць уладу адмяніць свае вар’ятскія дэкрэты, адвучыць яе лазіць у нашыя кішэні. Трэба вярнуць народу сапраўднае права абіраць і мяняць уладу.

17 лютага ў Мінску народны сход прыняў гэтыя патрабаванні да ўлады і даў ёй месяц тэрміна для выканання волі народа. Але ўлада адказала праз сваю „зомбаскрыню” ўжо на наступны дзень. Адказала, як звычайна – хлуснёй і падманам. Гэта зразумела – ім цяжка адразу адмовіцца ад накрадзенага, ад салодкага жыцця за наш кошт.

Каб прымусіць начальнікаў усіх рангаў і масцей паважаць і слухаць народ, нам прыйдзецца сабрацца і прыйсці да іх яшчэ раз. Сабрацца ў такой колькасці, каб яны зразумелі, што мы не жартуем, што лепш выканаць нашу волю. Інакш можа быць кепска.

25 сакавіка – гістарычнае свята беларусаў: Дзень Волі. Добры дзень, каб сабрацца дзесяткамі тысяч у цэнтры сталіцы і магутна заявіць волю народа – „Баста!”

Баста – здзекліваму дэкрэту пра „дармаедаў”.

Баста – абрабаванню людзей.

Баста – глумліваму спектаклю замест сапраўдных выбараў.

Мы звяртаемся да беларускага народу – пара ўзяць свой лёс ва ўласныя рукі. Выйдзем 25 сакавіка на вуліцы Мінска і пакажам, што народ, а не ўкраўшыя ўладу чыноўнікі, сапраўдны гаспадар беларускай зямлі.

Мы запрашаем у гэты дзень прыехаць у Мінск людзей з усіх куткоў Беларусі. Калі спатрэбіцца, на наступны дзень мы прыедзем у вашы гарады, каб народнае „Баста!” гучала па ўсёй краіне.

Нам спатрэбіцца ваша дапамога, каб падрыхтавацца да Дня нашай Волі. Расказвайце сваім сябрам і знаёмым пра яго, прыходзьце самі і прыводзьце іх з сабой.

Нам спатрэбяцца грошы на лістоўкі, гукаўзмацняльную тэхніку, праезд людзей з рэгіёнаў, дапамогу аштрафаваным. Мы арганізуем збор неабходных сродкаў і звернемся да вас за падтрымкай.

Мы заклікаем найбольш актыўных далучацца да нашых шэрагаў, каб працаваць разам дзеля лепшай будучыні нашай краіны.

Час прыходзіць. Пара аб’ядноўвацца і сабіраць сілы.

Уладу – народу!

Беларускае Радыё Рацыя, Менск