Больш за 1000 палітвязняў: ЕЗ выступіў з заявай па Беларусі



Еўрапейскі Звяз выступіў з заявай у сувязі з тым, што колькасць палітычных вязняў у Беларусі перавысіла 1000 чалавек.

Заяву апублікаваў прадстаўнік ЕЗ па пытаннях знешніх спраў і палітыкі бяспекі Петэр Стана, паведамляе „Еўрапейская праўда”.

„Колькасць палітвязняў у Беларусі цяпер дасягнула 1000 і працягвае расці. Гэтая ганебная вяха адлюстроўвае працяг рэпрэсій рэжыму Лукашэнкі супраць уласнага насельніцтва. Акрамя таго, многія тысячы пратэстоўцаў збеглі з краіны, каб пазбегнуць пераследу”, – адзначыў Стана.

Паводле яго слоў, у сённяшняй Беларусі закрытая прастора для дэмакратычнай палітычнай апазіцыі і дзейнасці свабодных і незалежных СМІ, а рэжым Лукашэнкі працягвае затрымліваць людзей, падвяргаючы іх жорсткаму абыходжанню і катаванням і прыгаворваючы іх да працяглых тэрмінаў зняволення падчас палітычных працэсаў за зачыненымі дзвярыма.

„Юрыдычная абарона палітычных зняволеных стала небяспечнай: больш за 40 адвакатаў, як паведамляецца, страцілі ліцэнзіі. Беларусь павінна выконваць свае міжнародныя абавязацельствы і абавязацельствы ў рамках ААН і АБСЕ. ЕЗ зноў заяўляе аб сваім патрабаванні неадкладнага і безагаворачнага вызвалення ўсіх палітычных зняволеных”, – адзначыў Стана.

[manual_related_posts]