Брусель прызнаў прысутнасць расейскіх войскаў на Данбасе



Еўразвяз на афіцыйным узроўні прызнаў прысутнасць расейскіх войскаў на Усходзе Украіны. Здарылася гэта толькі праз два гады пасля пачатку там вайсковых дзеянняў.

Выглядае на тое, што ў Еўразвязе канчаткова адмаўляюцца ад трактоўкі падзеяў на Данбасе, як да „руху ўзброеных сепаратыстаў”. У „Афіцыйным часопісе ЕЗ”, паведаміў пра ўнясенне ў „чорны спіс” некаторых расейскіх высокапасадоўцаў і вайскоўцаў з фармулёўкай „за ўдзел у падтрымцы размяшчэння расейскіх войскаў ва Украіне” і „за ўдзел у фармаванні і рэалізацыі вайсковай кампаніі Расеі ва Украіне”.

Такая фармулёўка ў афіцыйных дакументах Еўразвяза сустракаецца ўпершыню. Змена рыторыкі наконт вінаватых у вайсковых дзеяннях на Данбасе можа быць звязана з больш жорсткай палітыкай Еўразвяза да Расейскай Федэрацыі.

„Афіцыйны журнал ЕЗ” з’яўляецца ўрадавым бюлетэнем Еўразвяза, дзе публікуюцца прававыя дакументы, што маюць абавязковую сілу.

Марцін Война, Беларускае Радыё Рацыя