БСДП (Грамада) 11 сакавіка на з’ездзе абярэ новага старшыню арганізацыі



Беларуская сацыял-дэмакратычная партыя (Грамада) на з’ездзе 11 сакавіка ў Менску абярэ новае кіраўніцтва арганізацыі.

„У нас ёсць працэдура, прадугледжаная паводле статута, — паведаміла БелаПАН цяперашняя кіраўнік партыі Ірына Вештард. — Прэзідыум партыі вылучае кандыдатуры на пасады старшыні партыі і яго намеснікаў, потым іх ухваляе цэнтральны камітэт”.

Яна адзначыла, што цэнтральны камітэт прыняў рашэнне аб вылучэнні кандыдата ў старшыні партыі Ігара Барысава, цяперашняга першага намесніка старшыні арганізацыі.

Таксама, сказала Вештард, цэнтральны камітэт прапаноўвае ў якасці намеснікаў „па адным чалавеку на кожную пасаду”.

„У нас рознагалоссяў практычна не было. Але на з’ездзе таксама могуць быць вылучаны кандыдатуры, таму складана сказаць, колькі будзе прэтэндэнтаў. Я за тое, каб на пасаду старшыні партыя падтрымала зацвярджэнне Барысава. Як будуць галасаваць дэлегаты, я сказаць не магу”, — заявіла Вештард.

Паводле яе слоў, „памкненняў і размоў” змагацца за пасаду старшыні партыі было ў „дастаткова многай” колькасці людзей. „Пасада старшыні досыць складаная. Добра, каб у яго была еўрапейская адукацыя, добрае веданне замежнай мовы”, — дадала Вештард.

Адзначым, што цяперашні старшыня арганізацыі не зможа больш балатавацца на гэтую пасаду. У адпаведнасці са статутам партыі адзін чалавек не можа быць старшынёй больш за тры тэрміны. Вештард узначальвае БСДП (Грамада) з 2011 года.

belapan.by