Былога прэзідэнта Францыі прыгаварылі да года пазбаўлення волі
Былога прэзідэнта Францыі Нікаля Сарказі прыгаварылі да года пазбаўлення волі. Яго прызналі вінаватым у нелегальным фінансаванні выбарчай кампаніі 2012 года. Нікаля Сарказі зможа адбываць тэрмін дома, але ён павінен будзе насіць электронны бранзалет.
Французскія СМІ са спасылкай на адваката Сарказі пішуць, што абарона мае намер падаваць апеляцыю. Яна настойвае на невінаватасці былога прэзідэнта. Абвінавачанне патрабавала для яго рэальнага зняволення на 6 месяцаў і яшчэ паўгода ўмоўнага тэрміну. У ходзе працэсу следства сцвярджала, што Нікаля Сарказі удвая перавысіў устаноўлены ліміт на перадвыбарчыя выдаткі. Суд палічыў, што Сарказі ведаў пра парушэнні, але праігнараваў іх. Абарона ж настойвае, што нібыта з-за шчыльнага графіка былы прэзідэнт не змог ўсачыць за перавышэннем, падпісваючы паперы, не ўнікаючы ў лічбы. Нікаля Сарказі з’яўляецца фігурантам яшчэ некалькіх крымінальных спраў, па адной з якіх яго абвінавачваюць у «гандлі ўплывам».
Беларускае Радыё Рацыя
