У дачыненні да былога дыпламата Ігара Ляшчэні праводзяцца следчыя дзеянні (абноўлена)



Следчы камітэт правярае дачыненне былога пасла Беларусі ў Славакіі Ігара Ляшчэні да масавых беспарадкаў, – паведаміла БелаПАН афіцыйны прадстаўнік Упраўлення Следчага камітэта па Менску Кацярына Гарлінская. Яна дадала, што цяпер “з удзелам затрыманага праводзяцца следчыя дзеянні”.

Ляшчэня ў 2002–2006 гадах быў памочнікам Аляксандра Лукашэнкі па знешнепалітычных і знешнеэканамічных пытаннях. Пасля прэзідэнцкіх выбараў у жніўні 2020 года адным з першых публічна асудзіў гвалт супраць мірных дэманстрантаў і падаў у адстаўку з пасады пасла ў Славакіі.

Ляшчэня таксама быў першым старшынём платформы „Сход”. Паводле інфармацыі праваабаронцаў, 11 жніўня прайшлі вобшукі найменш у 22 актывістаў „Сходу”.

Паведамлялася, што большасць адпусцілі пасля допыту. ***

Прозвішча былога пасла Беларусі ў Славакіі Ігара Ляшчэні з’явілася ў спісах затрыманых, якія ўтрымліваюцца на Акрэсціна.

Напярэдадні ў экс-дыпламата прайшоў ператрус. Сілавікі ў сераду, 11 жніўня, прыйшлі з ператрусамі да цэлага шэрагу ўдзельнікаў праекту “Сход”. Праваабаронцы паведамлялі пра затрыманні некалькіх дзясяткаў чалавек.

“Сход” прыдумалі як альтэрнатыву Палаце прадстаўнікоў. Быў абраны 151 дэлегат, яны мусілі заняцца пошукам шляхоў пераадолення крызісу праз перамовы. Ляшчэня да жніўня 2020 года ўзначальваў дыпмісію Беларусі ў Славакіі. Пасля падаўлення пратэстаў асудзіў гвалт і падаў у адстаўку.