Былы прэзідэнт Эстоніі Томас-Хендрык Ільвес жорстка скрытыкаваў палітыку Захаду



У сваёй прамове ў Варшаве 5 кастрычніка 2021 года з нагоды ўручэння расейскаму палітыку Аляксею Навальнаму прэміі „Рыцар свабоды” былы прэзідэнт Эстоніі Томас-Хендрык Ільвес (кіраваў краінай у 2006-2016 гадах) жорстка скрытыкаваў палітыку Захаду ў дачыненні імперскай Расеі. Падаем тут яго прамову з некаторымі скарачэннямі:

„Гісторыя Навальнага не новая. Дзесяцігоддзямі, якія папярэднічалі калапсу камунізма, гэтая гісторыя паўтаралася зноў і зноў. Іосіф Бродскі, Натан Шчаранскі, Аляксандр Салжаніцын, Андрэй Сахараў і соткі іншых пераследаваліся ў сапраўдным Мардоры таго часу, СССР. Аднак, ёсць і новыя нюансы. У тыя гады, калі я яшчэ працаваў маладым даследнікам-аналітыкам і пасля кіраўніком Эстонскай службы Радыё Свабода, у нас на Захадзе была прынамсі цвёрдая ўпэўненасць у сваім маральным праве супрацьстаяць цёмным савецкім сілам – на роўні ўрадаў, парламентаў, міжнародных форумаў.

Парадаксальна, але гэтая маральная выразнасць ідэалагічна падтрымлівалася самымі Саветамі, якія займалі паслядоўную антыкапіталістычную пазіцыю. Немагчыма было ўявіць, каб камісары Сталіна ці члены Палітбюро Брэжнева набывалі сабе вілы на Рыўеры, лыжныя шато ў Сэнт-Морыцы, кватэры ў хмарачосе, які належыць амерыканскаму прэзідэнту альбо докі для сваіх стомятровых яхтаў у Сэн-Трапэ ці Пірэі. Для нас атрымліваць грошы ад таталітарных структураў адназначна азначала б ці хабарніцтва, ці шпіянаж – і ў кожным разе прывяло б да крымінальнага пакарання і агульнага грамадскага асуджэння. 

Сёння ліберальны дэмакратычны Захад страціў гэтую маральную яснасць бачання. Мы сталі супольнікамі злачынцаў, фактычна аб’яднаўшыся з ворагамі свабоды, ворагамі асветы, вяршэнства закону і правоў чалавека. Мы сталі суўдзельнікамі падзення Расеі, якая развальваецца пад цяжарам крадзёжніцтва і карупцыі – але гэта набліжае і наш канец.

Таму, у сваім кароткім вітанні Аляксею Навальнаму я не буду рабіць акцэнт на яго неаспрэчных заслугах у справе раскрыцця карупцыі ў Расеі. Гэта будзе гучаць самазадаволена і патыхаць фальшывым пачуццём нашай маральнай перавагі. Каб па-сапраўднаму аддаць належнае высілкам Навальнага, мы павінны, найперш, цвёрда супрацьдзеіць таму працэсу гніення, які напоўніцу ідзе на нашым родным ліберальным Захадзе.

Гэты смурод зыходзіць ад нашых карумпаваных палітыкаў і палітычных партый, ад нашых прастадушных і сквапных урадаў, і нават прэстыжных універсітэтаў з векавымі традыцыямі. Ён зыходзіць ад бізнесу, які ставіць інтарэсы прыбыткаў значна вышэй каштоўнасцяў справядлівасці, праўды і свабоды. Ён зыходзіць ад банкіраў, юрыстаў і фінансістаў, якія заўсёды гатовыя адмываць і брудныя капіталы, і брудную рэпутацыю. Гэтая карупцыя – наша карупцыя! – якая дазваляе і крамлёўскім баярам з іхнымі „шасцёркамі”, і іншым падобным рэжымам працягваць беспакарана рабаваць і забіваць.

Ледзі і джэнтльмэны, прыкладна 15 гадоў таму я міжволі запусціў у абарот новы тэрмін – „шродарызацыя”. Я заставаўся яго ананімным аўтарам да той пары, пакуль мой шаноўны сябра Эдвард Лукас не раскрыў мяне ў сваім артыкуле ў Economist, калі я пакінуў прэзідэнцкі офіс і аўтарства неалагізма ўжо не мела значання…

Многія іншыя рэжымы таксама не без граху ў гэтым дачыненні: ад Кітаю да Азербайджану, ад Філіпінаў да ДР Конга – брудныя грошы выціскаюцца і выбіваюцца ў слабых і бяспраўных з тым, каб запампоўвацца ў балоты нашых палітычных працэсаў і разбэшчваць нашу дзяржаўную сістэму.

Ці гэта еўрапейскія парламентарыі, якія адбельваюць жахлівыя парушэнні правоў чалавека на Каўказе ці вядучы брытанскі ўніверсітэт, які прымае грошы ад Камуністычнай партыі Кітаю ў абмен на адмову публікацыі крытычных матэрыялаў пра КНР у сваіх навуковых працах. Заходняя тканіна ўся пранізаная гэтай карупцыяй.

Што яшчэ горш, мы не можам нават гаварыць пра гэта адкрыта, асцерагаючыся негатыўных юрыдычных і фінансавых наступстваў! Выдатнай журналістцы Кэтрын Бэлтан, аўтарцы шакавальна разаблачальнай кнігі „Людзі Пуціна”, зараз пагражае цяжэннае судовае разбіральніцтва, ініцыяванае ўстрывожанай вярхушкай рэжыму. Мэта гэтага працэсу – не толькі вытрасці грошы з аўтаркі, але і запалохаць усіх астатніх, хто рызыкне расследаваць патаемную сувязь паміж сілавікамі, бізнесам, арганізаванай злачыннасцю і дзяржаўнай уладай, якія фармуюць расейскую кіроўную эліту. 

І справа тут можа быць не толькі ў сквапнасці і грашах. Часам гэта прага ўлады. Успомніце, як фракцыя Еўрапейскай Народнай Партыі не стала выключаць з сваіх шэрагаў папулісцкую партыю, нягледзячы на яе фундаментальную несумяшчальнасць з дэкляраванымі каштоўнасцямі – толькі дзеля таго, каб захаваць сваю колькасную прысутнасць у Еўрапарламенце. Пералік усіх праяваў карупцыі ў заходняй практыцы заняў бы не адну гадзіну, а дні, тыдні і цэлыя гады. Ледзі і джэнтльмэны, у нас няма часу жахацца гэтай праблеме. Трэба пачаць яе вырашаць!..

Шаноўныя госці,

У адной з сваіх апошніх кніг, „Уласнасць і свабода”, ужо нябожчык Рычард Пайпс, гісторык і буйнейшы спецыяліст па Расеі і Савецкім Саюзе, дастаткова поўна тлумачыць тое, чаму не толькі расейскія алігархі і клептакраты, але і эліта усіх аўтакратычных рэжымаў імкнуцца захоўваць свае грошы на Захадзе. Расеі гэта датычыць у найбольшай ступені, паколькі краіна гэтая жыла па цывілізаваных законах толькі непрацяглы перыяд сваёй гісторыі – з лютага па кастрычнік 1917 года.

Там, дзе няма вяршэнства закону, дзе аўтакрат лёгка можа ўкрасці ці сілай прысабечыць чужую ўласнасць, яго пераследуе страх кантаўскага „катэгарычнага імператыву” – у нашым разе, што нехта зробіць з ім тое, што ён, кіраваны прагай узбагачэння, здзейсніў у дачыненні іншых. Ці, простымі словамі, адбярэ нарабаванае. Таму адзіны выхад для іх – гэта пераправіць свае нясціплыя накапленні туды, дзе закон працуе – ці то ў Лондан ці Дубай, Нью-Ёрк ці Талін. Куды заўгодна, дзе прававое дзяржаўнае ўладкаванне закладае, што грошы ўкладніка атрыманыя працай, а не наўпроставым зладзействам і не выпампоўваннем іх з нетраў ці бюджэту, што таксама ёсць прыхаванай формай крадзяжу.

Менавіта вяршэнства закону забяспечвала працвітанне Захаду. Мы проста ведаем, што ніякія ўлады не могуць незаконна адабраць нашу недатыкальную ўласнасць. Аднак выходзіць, што тыя ж сама ўлады дазваляюць аўтарытарным рэжымам захоўваць у нас нарабаваныя багацці і пераследаваць тых, хто, як Аляксей Навальны, імкнуцца з гэтай непрыстойнасцю змагацца. Значыць, трэба мяняць нашы ўласныя законы і практыкі. Брытанская сістэма па расследаванні „багаццяў невытлумачанага паходжаненя” павінна распаўсюдзіцца на іншыя краіны Захаду і прымяняцца больш шырока і строга. Ананімныя падстаўныя кампаніі, накшталт тых, з дапамогай якіх падручныя галавы расейскай, хай сабе і няўрадавай, мафіі Сямёна Магілевіча куплялі кватэры ў Вежах Трампа, павінны быць пастаўлены па-за законам. Значна больш жорскія рэгуляцыі і візавыя забароны павінны бць прынятыя з тым, каб не дазваляць агентам ГРУ/ФСБ пранікаць у Еўропу і выконваць злачынныя загады. Аналагічна, абмежаванні на ўезд павінны датычыць і ўрадавых чыноўнікаў – такіх, прыкладам, як былы міністр замежных спраў Аўстрыі Міхаэль Шпіндэлегер, які, каб залагодзіць Крэмль, патрабаваў ад аўстрыяцкіх памежнікаў адпусціць запатрабаванага Інтэрполам Міхаіла Галаватага, завочна асуджанага за забойства 13 літоўцаў. Ці вазьміце тую ж Аўстрыю, якая заблакавала на Радзе Еўразвязу санкцыі, якія не дазволілі б Райффайзенбанку, буйнейшаму крэдытору дыктатара Лукашэнкі, і далей фінанасаваць гэты жахлівы рэжым (вылучана рэд.).

Карупцыя не ведае межаў. Наша ўласная „шродарызацыя”, нашы Франсуа Фійёны і Карыны Кнайсль, нашы Ліппанены і ім падобныя – хто, пакінуўшы ўрадавыя структуры, адразу ж у пагоні за нажывай пачынаюць працаваць на карысць так званых „незалежных” энергетычных кампаній – а насамрэч, кампаній, якімі валодаюць і кіруюць клептакратычныя рэжымы. Усе яны, перафразуючы Леніна, купляюць вяроўку, на якой самы ж будуць аўтакратамі павешаныя. Паўтару: мы, еўрапейцы, будзем павешаныя, а не яны.

І гэта яшчэ адна важнейшая прычына, з-за якой мы павінны аддаць даніну павагі рашучасці і адвазе Аляксея Навальнага. Ён дэманструе расейцам і ўсяму свету не толькі паталагічнае зладзейства і беззаконне ў Расеі; ён таксама ставіць люстэрка перад намі! Намі, як суўдзельнікамі ў злачынствах – якія дапамагаюць пампаваць дзень за днём, мільён за мільёнам з бяднеючай Расеі і яе бяспраўнага народу. Гэтыя еўра і даляры камфортна асядаюць у кішэнях і на рахунках нашых уласных лідараў, банкаў, універсітэтаў, кінастудый, палітычных партый і лабістаў. Лабістаў ворагаў нашага адкрытага грамадства”.

Пераклад Беларускага Радыё Рацыя