Чаму адзінага кандыдата ад апазіцыі могуць не зарэгістраваць?



Палітык Павел Знавец выказвае меркаванне, чаму адзіны кандыдат ад апазіцыі, якога абяруць праз праймерыз, можа не задаволіць уладу.

Сустаршыня аргкамітэта па стварэнні партыі «Беларуская хрысціянская дэмакратыя» Павел Севярынец выказаў меркаванне, што адзінага кандыдата ад апазіцыі не зарэгіструюць. Згодны з ім і Павел Знавец.

Павел Знавец: У адзінага кандыдата ад часткі апазіцыі было б куды больш шанцаў зарэгістравацца, каб гэтая частка была як мага шырэйшая. Была б адзіная апазіцыйная тусоўка – дакладна зарэгістравалі б, бо ўладам патрэбен хоць нейкі канкурэнт.

Але сітуацыя такая, што на сённяшні момант аб’яднацца ўсім у прынцыпе немагчыма. Таму ў выпадку, калі кааліцыя вылучыць свайго адзінага кандыдата, але яшчэ будзе 5-7 «апазіцыйных» прэтэндэнтаў, то прадстаўніка кааліцыі могуць і не зарэгістраваць. Такім чынам улады мінімізуюць магчымыя пратэсты. На гэта яны могуць пайсці.

РР: Як вы ўвогуле ставіцеся да абрання апазіцыяй адзінага кандыдата?

Павел Знавец: Цудоўна стаўлюся. Любы рух у накірунку адзінства – гэта добра, бо трэба зразумець, што ніхто з прэтэндэнтаў на прэзідэнцкую пасаду паасобку не збярэ не тое, што палову неабходных подпісаў, а нават трэць не збярэ.

Па некаторай інфармацыі, падчас мінулых выбараў Таццяна Караткевіч з «Гавары праўду» насамрэч сабрала не 100 тысяч подпісаў, а толькі трэць ад гэтай лічбы. А зараз зусім будзе дробязь. Тым больш, што многія людзі расчараваныя не толькі ўладай, але і апазіцыяй.

Таму паасобку 100 тысяч подпісаў не збярэ ніхто. І тыя, хто разумее, што могуць быць выкінутыя на палітычную сметніцу, вырашылі аб’яднацца, каб дзейнічаць разам. І гэта вельмі станоўчы крок.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя

[manual_related_posts]