Чаму Беларусь адной з апошніх атрымала незалежнасць?



Сёння спаўняецца 24 гады з дня прыняцця дэкларацыі аб дзяржаўным суверэнітэце Беларусі. Гэтай даце быў прысвечаны круглы стол, арганізаваны кааліцыяй „Народны рэферэндум”. Чаму Беларусь адной з апошніх рэспублік СССР абвясціла незалежнасць?

„Справа не ў Беларусі, а ў тых, хто прымаў рашэнне”, – адказвае на гэтае пытанне былы дэпутат Вярхоўнага Савета БССР 12-га склікання Аляксандр Сасноў:

– Калі значная частка хацела гэтай незалежнасці першапачаткова, то яшчэ больш значная частка вось магчыма і прыняла такое рашэнне пад уздзеяннем таго, што засталіся адны. За гэтую незалежнасць многія змагаліся многія гады, і таму гэтым людзям пашанціла, што нарэшце з’явілася незалежнасць. А што датычыць тых, хто атрымаў яе не задумваючыся, большасць з іх і рассталіся б з ёй не задумваючыся.

„Сёння няма іншых пагроз беларускай незалежнасці акрамя як ад Крамля, ад Расейскай Федэрацыі”, – заявіў у ходзе сустрэчы старшыня Партыі БНФ Аляксей Янукевіч. На вялікі жаль, адзначыў ён, праз 24 гады пасля прыняцця Дэкларацыі аб дзяржаўным суверэнітэце Беларусі „як ніколі незалежнасць краіны знаходзіцца пад пагрозай”.

„Вядома, пра пагрозы незалежнасці мы гаварылі і ў мінулыя гады, але сёння пагроза крытычная. Мы бачым, што Беларусь стала моцна залежнай ад Расеі і ў эканамічным, і ў энергетычным, і ў ваенным плане. І ў знешняй палітыцы Беларусь у шматлікіх пытаннях ідзе ў фарватэры Расеі”, – падкрэсліў Янукевіч.

Паводле БелаПАН