Чаму Беларусі цікавае «Усходняе партнёрства»?



Сустаршыня аргкамітэта па стварэнні партыі «Беларуская хрысціянская дэмакратыя» Віталь Рамашэўскі распавядае пра еўрапейскія перспектывы для Беларусі.

Міністр замежных спраў Беларусі Уладзімір Макей падчас сустрэчы ў Люксембургу кіраўнікоў знешнепалітычных ведамстваў краін-сябраў Еўразвязу выказаўся за захаванне і развіцё «Усходняга партнерства» як ініцыятывы, якая ставіць мэту атрымаць канкрэтныя практычныя вынікі.

Віталь Рымашэўскі: Відавочна адно – сёння для Беларусі цікавыя любыя стасункі з Еўропай, а праект «Усходняга партнёрства» – гэта найперш пляцоўка для арганізацыі беларуска-еўрапейскага дыялогу. Таму заява Макея, безумоўна, прагучала ў рэчышчы агульнай пазіцыі афіцыйнага Менска. Хаця не трэба і пераацэньваць “Усходняе партнёрства”. Зразумела, што гэта не самая эфектыўная пляцоўка, але, тым не менш, для дыпламатычнай працы яна вельмі прыдатная.

РР: Сітуацыя з правамі чалавека ў краіне не стане перашкодай для далейшага дыялогу?

Віталь Рымашэўскі: Відавочна, што ўсе намаганні беларускага МЗС топяцца камандай сілавікоў з прарасейскімі поглядамі, якія распачынаюць рэпрэсіі супраць палітычных актывістаў і такім чынам правакуюць Захад на адпаведную рэакцыю. Сваімі дзеяннямі ўнутры краіны яны руйнуюць тое, што робіць МЗС па дыпламатычных каналах.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя