Чаму кандыдаты ў прэзідэнты ігнаруюць беларускую мову?



“Гэта сорам – не выступаць перад выбарцамі на роднай мове”, – лічыць акадэмік Радзім Гарэцкі.

Радзім Гарэцкі: Калі чалавек хоча стаць прэзідэнтам Беларусі, то ён проста абавязаны размаўляць на беларускай мове. Але я не бачу ў кандыдатаў вялікага жадання выступаць, праводзіць тыя ж мітынгі на мове. Я пра гэта казаў і раней тым прадстаўнікам палітычных партый, якія таксама ўдзельнічалі ў прэзідэнцкай кампаніі, але размаўлялі выключна на рускай мове. Апраўдаваліся: маўляў, мы гэта робім, каб больш народ разумеў.

Дык мы дзе жывем – у Беларусі ці Расеі? Павінна быць сорамна не таму, хто выступае на роднай мове, а тым, хто яе не ведае. У той жа Латвіі ці Літве, калі б кандыдат у прэзідэнты не ведаў латышскай ці літоўскай мовы, яго адразу пракацілі б.

Памятаеце, што сказаў Уладзімір Пуцін, які мае апетыты на Беларусь? Ён сказаў: “Руская зямля там, дзе гучыць руская мова”. Дык чаму беларускія кандыдаты не кажуць: “Беларуская зямля там, дзе гучыць беларуская мова”?

РР: Дзяржаўная палітыка такая…

Радзім Гарэцкі: Я ж кажу не толькі пра сёняшнюю дзяржаўную палітыку, а пра тых, хто мае намер змяніць гэтую палітыку, калі стане прэзідэнтам. Які яны сёння прыклад паказваюць? Атрымліваецца, што ў гэтых кандыдатаў стаўленне да мовы прыкладна такое ж, як і ў сёняшняй улады.

Не ведаць родную мову – гэта сорам і абраза! Ганьба тым, хто гэтага не разумее. Я ўсё жыццё пра гэта кажу.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя

[manual_related_posts]