Чаму пратэсты ў Кыргызстане нельга параўноўваць з беларускімі?



Старшыня руху “За свабоду” Юрась Губарэвіч пракаментаваў падзеі, якія адбываюцца ў Кыргызстане.

Як вядома, у Кыргызстане людзі пратэстуюць супраць сфальсіфікаваных парламенцкіх выбараў. У выніку пратэстоўцы вызвалілі экс-прэзідэнта Атамбаева з СІЗА, а таксама занялі Адміністрацыю прэзідэнта і Дом урада, а Цэнтрвыбаркам ануляваў вынікі парламенцкіх выбараў.

Юрась Губарэвіч: Мы бачым, што і ў Беларусі, і Кыргызстане пратэсты маюць адзін і той жа падмурак – сфальсіфікаваныя выбары. У астатнім сітуацыі ў гэтых краінах нельга параўноўваць.

Па-першае, у кожнай краіне ёсць свае нацыянальныя традыцыі і свая сучасная гісторыя (у тым ліку, і станаўленне дэмакратыі).

Кыргызстан — не першая краіна, дзе змяняецца ўлада, абіраецца новы прэзідэнт. І там працэсы па выніках непразрыстых выбараў больш хуткія і больш гарачыя.

Беларусь толькі праходзіць праз гэты этап. Калі мы ў сваёй гісторыі будзем мець досвед адстаўкі ўлады праз народны пратэст, усе наступныя спробы захапіць недэмакратычным чынам месцы ў парламенце ці месца прэзідэнта будуць завяршацца вельмі і вельмі хутка.

РР: На ваш погляд, што чакае беларускія пратэсты, якія доўжацца ўжо больш за 50 дзён?

Юрась Губарэвіч: Фінал для рэжыма будзе нязменны – адстаўка і новыя выбары. Пытанне толькі ў тым, як хутка гэта адбудзецца. Адказаць, калі гэта будзе, вельмі складана, але відавочна іншае: сёняшняя сістэма, нават абапіраючыся на сілавікоў і спрабуючы праз запалохванні трымаць сітуацыю пад кантролем, не здольная гэта рабіць.

Тут жа дзейнічаюць і іншыя фактары: праблемы ў эканоміцы, арганічнае неўспрыняцце рэжыма большасцю беларускага грамадства. Правесці нейкую незразумелую канстытуцыйную рэформу, паспрабаваць супакоіць людзей і паабяцаць ім, што яны будуць па-ранейшаму жыць пад таталітарызмам, гэта ўжо намагчыма. Зваротнага шляху няма. А ўнутраных рэсурсаў дыктатуры не хопіць для ўтрымання сітуацыі.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя