Чаму сцішыліся размовы пра авіяцыйную базу?



Павел Севярынец, адзін з лідараў Беларускай Хрысціянскай Дэмакратыі, мяркуе, што закулісныя перамовы пра размяшчэнене авіяцыйнай базы ў Беларусі ідуць.

Павел Севярынец

Днямі ў Менску сустракаліся міністры замежных спраў Расеі і Беларусі Сяргей Лаўроў і Уладзімір Макей. Падчас сустрэчы, як інфармуюць СМІ, Беларусь і Расея выказалі занепакоенасць пашырэннем НАТО на Усход. Тым часам, пра размяшчэнне расейскай авіяцыйнай базы (а пра гэта шмат было заяўлена ў мінулым годзе) не сказалі ані слова. Ва ўсялякім выпадку, афіцыйных заяваў не было.

Павел Севярынец: Думаю, размовы пра авіябазу сціхлі толькі ў публічнай прасторы. Я больш чым перакананы, што на парадку дня гэтае пытанне стаіць. Таму што сённяшняй расейскай імперыі і ваеншчыне неабходна як мага болей палохаць Захад і трымаць пад сваімі кіпцямі суседнія краіны. Мы гэта бачым хаця б па таму, што зараз у Бранскай вобласці, у Чарнобыльскай зоне, будуецца расейская ваенная база. Мяркую, беларускаму боку з нагоды авіябазы ставяцца непублічныя ўмовы.

РР: Візіт Лаўрова быў невыпадковы?

Павел Севярынец: Безумоўна. І візіт Пуціна рыхтуецца невыпадкова. Расейцы цяпер не думаюць пра нешта іншае, як толькі пра працяг агрэсіі, планы захопаў. У іх такі парадак дня. Не думаць пра гэта яны не могуць па сваёй прыродзе, па сваёй ментальнасці, па той сітуацыі, што склалася.

РР: А Расея кажа пра пагрозу з боку НАТА, што пашыраецца на Усход…

Павел Севярынец: Перад самітам НАТА, які пройдзе ўлетку ў Варшаве, відавочна, што расейцы прадумваць нейкі адказ. На мой погляд, менавіта база ў Бранскай вобласці, пытанні па Бабруйскай базе – гэта дэманстратыўныя спробы адказу Захаду. Пры гэтым, на тэрыторыі Беларусі. І на афіцыйны Менск ціснуць з гэтай нагоды. Не сумняваюся, што гэтыя пытанні ў досыць жорсткай, але закрытай форме цяпер ставяцца перад беларускай уладай.

РР: Беларусь, так бы мовіць, апынулася паміж двух агнёў?

Павел Севярынец: Расейцы разглядаюць Беларусь, як сваю вотчыну, як разменную манету. І, безумоўна, пра нацыянальныя інтарэсы, пра ўвесь беларускі народ яны не думаюць. І, калі б у нас быў народны урад, то ён павінен быў занепакоіцца гэтым. Але, паколькі ўлада ў нас у пэўным сэнсе каланіяльная, то думаць застаецца толькі нам.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя

[manual_related_posts]