Чаму ўлада баіцца карты паляка?



Кіраўнік брэсцкай арганізацыі Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада) Ігар Маслоўскі распавядае, як простыя беларусы ставяцца да карты паляка, і чаму ўлады яе так палохаюцца.

У Беларусі спачатку картай паляка забаранілі карыстацца чыноўнікам, сілавікам і выратавальнікам. Потым спіс дапоўнілі дэпутаты парламента, а з нядаўняга часу – і мясцовых саветаў, паведамляюць naviny.by.

Нагадаем, уладальнік карты мае права атрымаць доўгатэрміновую візу на знаходжанне ў Польшчы без атрымання дазволу на работу, займацца прадпрымальніцкай дзейнасцю ў аднолькавых умовах з польскімі грамадзянамі, у першачарговым парадку прэтэндаваць на фінансавыя сродкі, якія вызначаюцца для падтрымкі палякаў за мяжой з дзяржаўнага ці мясцовага бюджэту, ездзіць па чыгунцы з 37-працэнтнай зніжкай.

Ігар Маслоўскі: Логіка беларускіх уладаў часам носіць абсалютна непрадказальны характар. Чаго б варта хаця б нерэалізаваная ідэя браць з кожнага беларуса, які выязджае за мяжу, 100-даляравы падатак. Альбо падатак на лайдакоў, які збіраюцца ўвесці. Ва ўсім свеце ўводзяць падатак на багатых, а ў нас – на беспрацоўных. Абалютна незразумела і тое, чаму ўлада забараняе чыноўнікам карыстацца картай палякай. Можна падумаць, што беларускія чыноўнікі ніколі не былі ў той жа Польшчы ці іншых замежных краінах. Ды і з картай паляка чалавек жа ўсё роўна застаецца грамадзянінам Беларусі. Людзі проста карыстаюцца наборам пэўных ільгот на тэрыторыі іншай краіны. І, калі Польшча зрабіла такі шыкоўны падарунак для беларусаў, то чаму б гэтым не скарыстацца? Яшчэ дзякуй трэба палякам сказаць. А ў нас – забараняюць карыстацца картай паляка.

РР: Чаму, на ваш погляд, улады баяцца карты паляка?

Ігар Маслоўскі: Думаю, ім неабходна, каб падконтрольныя дзяржаве людзі не атрымоўвалі нічога і ні ад каго больш, як толькі ад дзяржавы. Тады яны будуць паслухмянымі і зробяць усё, што ім скажуць. А, калі нават дэпутатам мясцовых саветаў забаранілі карыстацца картай паляка, то, відаць, даверу няма ўжо ні да каго. Улада хоча кантраляваць нават такіх дробных палітычных персанажаў, як дэпутаты мясцовых саветаў. Зрэшты, за чыноўнікаў у нас не павінна балець галава. Найперш за карту паляка дзякуюць простыя людзі, бо яны карыстаюцца правам на атрыманне адукацыі ў Польшчы, з’явілася больш мажлівасцей падчас паездак. І асаблівым попытам карыстаецца карта паляка ў памежных раёнах.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя