Чаму ўлады вырашылі палохаць народ 90-мі гадамі?



Сустаршыня БХД Віталь Рымашэўскі распавядае пра сённяшнюю рыторыку ўладаў Беларусі.

Кіраўнік Беларусі напярэдадні чарговых прэзідэнцкіх выбараў пачаў нагадваць людзям, што можа адбыцца вяртанне ў «галодныя» 90-я гады, калі краінай будзе кіраваць іншы прэзідэнт. Чаму Лукашэнку цягне да такой рыторыкі?

Віталь Рымашэўскі: 90-я гады – гэта самы эканамічна цяжкі і траўматычны перыяд для людзей, якія ў свядомым узросце яго перажылі. Таму і ідзе спроба апеляваць да гэтага. Пасланне ідзе такое: маўляў, зараз жыць, магчыма, і не вельмі добра, але можа быць і значна горш.

Іншая справа, ужо вырасла новае пакаленне, і вельмі шмат людзей не ведаюць, што было ў 90-я. Па-другое, сёння тое ж самае маладое пакаленне жыве не ў інфармацыйным вакууме. Моладзь шмат чытае пра суседнія краіны, наведвае іх і бачыць, як жывуць людзі ў той жа Літве альбо Польшчы, якім у 90-я гады таксама было вельмі складана эканамічна. Але сёння там людзі нашмат больш заможныя, чым беларусы. Нават ва Украіне, дзе яшчэ нядаўна была вайна, кошты на пэўныя тавары значна меншыя, чым у Беларусі.

РР: Адным словам, улады вырашылі гуляць на памяці больш сталага пакалення…

Віталь Рымашэўскі: Мне падаецца, яны гуляюць на тым, што ім першае прыйдзе ў галаву, і што больш-менш удала працавала раней. Калі чалавек топіцца, то ён гатовы схапіцца за любую галінку, каб выратавацца.

Але, мне падаецца, улада жыве ў сваёй рэальнасці сярод добра забяспечаных людзей, яна адарвана ад патрэбаў і чаканняў простых беларусаў. Калі вакол цябе прыдворныя алігархі, то неяк не выпадае ўжо прыкідвацца бедным кіраўніком. Людзі цудоўна разумеюць і ведаюць, у чыіх руках сёння сканцэнтраваны асноўныя рэсурсы.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя

[manual_related_posts]