Чаму ўлады вырашылі паставіць сумны рэкорд?



Юрыст-праваабаронца Гары Паганяйла распавёў, чаму ўлады запусцілі рэпрэсіўную машыну.

Мірныя акцыі супраць так званай „паглыбленай інтэграцыі” Беларусі і Расеі прайшлі ў Менску і іншых гарадах.

Як падлічылі праваабаронцы „Вясны”, за ўдзел у гэтых акцыях з 26 снежня 2019 года па 25 лютага 2020 га прайшлі 202 суда. Да адміністрацыйнай адказнасці прыцягнуты 132 чалавекі. Агульная сума штрафаў склала 144.993 рубля (амаль 65.000 даляраў). 13 удзельнікаў акцый былі асуджаныя ў агульнай складанасці на 375 сутак арышту.

Гары Паганяйла: Маштабы рэпрэсій ніколькі не зменшыліся ў параўнанні з іншымі перыядамі ў гісторыі суверэннай Беларусі. Проста ў адзін час яны былі больш брутальнымі, у іншыя – крыху змяншаліся альбо трансфармаваліся, як гэта адбываецца зараз, калі пасадкі ў турму замяніліся вялізнымі штрафамі.

Але тут варта адзначыць, што сёння штрафы за акцыі і насамрэч даведзены да такіх памераў, што практычна прыроўніваюцца да крымінальнага пакарання. Гэтая практыка адназначна незаконная і абмяжоўвае права грамадзян на свабоду сходаў, дзе людзі могуць выказаць сваё незадавальненне. А ўрад якраз і падаўляе такія акцыі найбольш жорстка, бо хоча, каб незадаволеныя маўчалі і не выказваліся адносна палітыкі.

Каб маўчалі з нагоды збяднення людзей, з нагоды знявагі з боку дзяржаўных чыноўнікаў, з нагоды незаконных рашэнняў. Уладам патрэбна паслухмяная маса, а не асобы, якія маюць права голасу. Таму і ідуць на такія рэпрэсіі, а гэта яны ўмеюць рабіць вельмі добра.

РР: Такія штрафы не ўсім па кішэні. Ці можна іх замяніць на адбыццё пакарання на сутках?

Гары Паганяйла: Нельга, бо тыя, хто прымяняе меру пакарання, яе і выбіраюць. Штрафы ідуць у бюджэт, і яны якраз дапамагаюць існаваць гэтаму рэпрэсіўнаму механізму.

На ўтрыманне апарата падаўлення пратэстных настрояў патрэбны вялізныя грошы, а ў нас жа мноства розных сілавых структур. Гэта ўсё характэрныя метады таталітарнай дзяржавы, і тут нічога не змяняецца.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя