Чарговае паседжанне экспертнага клуба „Прафесійна аб актуальным” (абноўлена)



У Менску адбылося чарговае паседжанне экспертнага клубу, арганізаванага цэнтрам „Еўрапейскі дыялог”. Як распавёў яго дырэктар Анатоль Лябедзька, экспертны клуб „Прафесійна аб актуальным” збіраецца раз на месяц. Зараз тэмай абмеркавання былі адносіны Беларусі і Расеі як на сучасным этапе, так і ў перспектыве.

– На вялікі жаль, мы вымушаны канстатаваць, што большасць грамадзянаў у Беларусі і ў Расейскай Федэрацыі глядзяць на беларуска-расейскія стасункі вачыма двух людзей, двух палітыкаў – Аляксандра Лукашэнкі і Уладзіміра Пуціна. Але гэта алагічна. Гэта не правільна. Таму што ёсць велічэзная колькасць людзей, погляд якіх на беларуска-расейскія стасункі адрозніваецца ад таго, што прапануюць у Крамлі і Чырвоным доме.

Асноўнай тэмай дыскусіі стала абмеркаванне нарастання пагрозы суверэнітэту Беларусі з боку Расеі.

У дыскусіі прынялі ўдзел як беларускія палітолагі і палітыкі — Анатоль Лябедзька, Мікола Казлоў, Віктар Карніенка, Аляксандр Дабравольскі, Алена Анісім, Аляксандр Класкоўскі, Андрэй Паротнікаў, Валер Карбалевіч і іншыя, так і іх расейскія калегі — былы першы наменск старшыні Дзярждумы Уладзімір Рыжкоў і палітык Леанід Гозман.

У Менску адбылося паседжанне экспертнага клубу, арганізаванага цэнтрам „Еўрапейскі дыялог”. Іх тэіай стала абмеркаванне адносінаў Беларусі і Расіі. Найбольшую вастрыню выклікала нарастання пагрозы суверэнітэту Беларусі з боку Расіі.

Па словах удзельніка дыскусіі, расейскага палітыка Леаніда Гозмана, прэзідэнт Расеі Уладзімір Пуцін намераны захаваць сваю ўладу пасля 2024 года. Аднак па Канстытуцыі ён займаць пасаду прэзідэнта больш не можа. Змены ў гэты дакумент па шэрагу прычынаў малаверагодны. Таму актуальным становіцца варыянт стварэння адзінай дзяржавы Расеі і Беларусі, які сённяшні прэзідэнт Расеі і ўзначаліць. Аднак такому варыянту супраціўляецца Аляксандр Лукашэнка. Зламіць гэты супраціў любымі метадамі, не выключая ваеннай анэкісіі, Пуцін і паспрабуе, — лічыць Леанід Гозман.

– Аперацыя, калі яна будзе рэалізоўвацца, не дай бог, дык будзе рэалізоўвацца дастаткова хутка. Таму што ў нас сакавік 2024-га года. Засталося зусім мала часу. Бо трэба не проста захапіць Беларусь, трэба будзе неяк затым стабілізаваць сітуацыю, каб тут усё супакоілася. Трэба прыняць нейкія адпаведныя правілы. Трэба заснаваць новую дзяржаву. Трэба зрабіць канстытуцыю новай дзяржавы. Гэта ўвогуле доўгі працэс. Таму, калі гэта рабіць, то трэба рабіць бліжэйшым часам.

Адзінае, што можа спыніць падобны варыянт развіцця падзеяў, гэта калі Крэмль будзе абсалюта ясна ўсведамляць, што Беларусь акажа моцны ўзброены супраціў, пры якім непазбежны вялікі страты, — заявіў Леанід Гозман.

Аднак былы першы намеснік старшыні Расейскай Дзярждумы, палітык Уладзімір Рыжкоў, які ўдзельнічаў у дыскусіі, лічыць, што такі сцэнар немагчымы.

Па-першае, гэта вельмі дорага можа абыйсціся Расейскай Федэрацыі, як фінансава, так і палітычна. Па-другое, гэта тое, што беларускае грамадства выступае катэгарычна супраць страты суверэнітэта.

– А што застаецца? Застаецца карэкціроўка саюзнай дзяржавы ў рамках камерцыйнага гандлю. Я б сказаў, што Пуцін пойдзе не па схеме Крыма, а па схеме Трампа. Трамп мяняе ўмовы з Канадай, з Мексікай, з Паўднёвай Карэяй, з Еўропай, з Кітаем. Ён нападае, не ў ваенным разуменні, а цісне – уводзіць санкцыі і г.д. І адыгрывае нейкія пазіцыі, і на гэтым усё заканчваецца.

Таму Уладзімір Рыжкоў прагназуе, што і Уладзімір Пуцін у рамках саюзнай дзяржавы, як больш моцны бок, будзе нарошчваць ціск і гандлявацца. Але сцэнар ліквідацыі беларускага суверэнітэту немагчымы.

Беларускае Радыё Рацыя