„Чарговы акт заклятага сяброўства”



Віцэ-прэм’ер Расеі Дзмітый Козак адмовіўся абмяркоўваць з беларускім калегам намеснікам прэм’ера Ігарам Ляшэнкам і амбасадарам Уладзімірам Сямашкам кампенсацыю страт ад падатковага манёўра. Па словах, якія прыпісваюць Козаку, – перамовы адкладзены да прыняцця прынцыповых рашэнняў пра рух у кірунку далейшай інтэграцыі Расеі і Беларусі ў рамках саюзнай дзяржавы.

Як лічыць намеснік старшыні Партыі БНФ Аляксей Янукевіч, гэта чарговы этап выкручвання рук кіраўніцтву Беларусі з мэтай фактычна ці нават фармальна паглынуць Беларусь.

Ясна, што ўсё гэта робіцца напярэдадні прэзідэнцкіх выбараў, калі беларуская эканоміка з’яўляецца больш уразлівай і калі ў беларускіх уладаў з’яўляецца пэўная нявызначанасць, – кажа Аляксей Янукевіч. – Патрабуючы ад Аляксандра Лукашэнкі новых саступак, Расея фактычна выстаўляе ўльтыматум — альбо саступай, ідзі на нашыя ўмовы, ці мы тут табе ўстроім падчас прэзідэнцкіх выбараў „вакханалію”, толькі ўжо са свайго боку. Чым усё гэта скончыцца, мы пабачым неўзабаве. Але, канешне, усё гэта вельмі небяспечна. Гульні з незалежнасцю надзвычай небяспечныя і мы бачым, што загульваецца цяперашняя беларуская ўлада. Таму патрабуецца мабілізацыя нацыянальна свядомага грамадства, патрабуецца вялікая праца, каб паказаць, што менавіта беларускі народ ёсць гарантам незалежнасці, што незалежнасць для нас важная і мы яе будзем абараняць.

Зараз жа, я перакананы, ідзе тактычная пазіцыйная барацьба паміж расейскімі і беларускімі ўладамі. З боку Крамля не было ж сказана – падымайце тут, у Беларусі, расейскі трыкалор, каб атрымліваць па тых коштах, якіх хочаце, нафту, газ і ўсё астатняе. Перакананы, што ідзе такое „баданне”. І будуць  новыя заявы, будзе і жорсткая рэакцыя Аляксандра Лукашэнкі і крытыка і новы этап інфармацыйнай атакі з боку Расеі, у тым ліку расейскіх каналаў, расейскай прапаганды супраць Беларусі, супраць Аляксандра Лукашэнкі і ягонай улады. Але небяспечна тое, што зараз, у параўнанні з папярэднімі прэзідэнцкімі выбарамі, калі мы бачылі такія абвастрэнні, патрабаванні і амбіцыі Крамля значна ўзраслі, а адчуванне рэчаіснасці ў Крамлі відавочна страцілася. Таму ўсё гэта, можа быць, і з’яўляецца вельмі небяспечна. 

Былы дэпутат Вярхоўнага Савету 13 склікання, кандыдат эканамічных навук Людміла Гразнова лічыць, што пры адсутнасці нармальнай рынкавай эканомікі, дзе гаспадарчыя спрэчкі, вырашэнне розных пытанняў здзяйсняецца паміж самімі гаспадарчымі суб’ектамі, з дапамогай такіх інструментаў, як фондавы рынак, біржы, банкі, як канкурэнцыя і іншае, у нас уся паўната адказнасці за эканамічнае развіццё пераходзіць на самы верх. І не пазайздросціш уладам, як расейскім, так і беларускім, таму што асноўныя пытанні вырашаюцца на самым версе. І вось такім манерам яны бадаюцца, як два быкі. І метады гэтай барацьбы настолькі жорсткія, настолькі непрывабныя. І да таго ж яны не вядуць да добрых вынікаў. Таму мы бачым зараз гэтую паддывановую барацьбу, ужо не проста эканамічную, але і палітычную, якая ўвогуле, цяжка адбіваецца на ўсіх нас. У гэтым небяспека такога эканамічнага супрацьстаяння, такой барацьбы, таму што гэты гандль можа каштаваць жыцця краіны, страты суверэнітэта. Мы спадзяемся, што ўсё ж гэта не апошняя старонка. І такія моманты, звязаныя з пагрозамі страты незалежнасці, сустракаліся і раней, і яшчэ, мабыць, доўга будуць сустракацца. Таму што разбурэнне імперый адбываецца на самой справе не імгненна, яно працягваецца на працягу доўгага перыяду.

Палітычны аглядальнік Аляксандр Класкоўскі падкрэслівае, што не трэба спяшацца з занадта рэзкімі высновамі. „Пакуль што мы маем справу толькі з заявай нейкай ананімнай крыніцы, – кажа ён, –  натуральна, гэта невыпадкова. Таму што гэта інфармацыя пайшла праз ІНТЭРФАКС. А гэта ўсё ж такі не нейкі, так бы мовіць, „левы” рэсурс, кшталту некаторых ТЭЛЕГРАМ-каналаў, якія ўжо не першы месяц відавочна вядуць інфармацыйную вайну супраць беларускага кіраўніцтва. А тут гэта тое, што называецца „злівам”. Можа, Козак нешта падобнае сказаў, а можа, і не казаў. Няма канкрэтнай цытаты з вуснаў менавіта Козака. Але калі дапусціць, што нешта падобнае прагучала, то мне здаецца, што такая „алармісцкая” рэакцыя не вельмі апраўданая. Яна зразумелая, чаму ў медыях, у беларускай незалежнай супольнасці, якая ў фэйсбуку заўжды вельмі горача і палымяна абмяркоўвае пытанні незалежнасці. І ў прыватнасці, перыядычна гучыць рэфрэн – што „ну вось, цяпер беларускі кіраўнік ужо напэўна здасць незалежнасць, што яму выкруцяць рукі і гэтак далей. Трывога гэта зразумелая, таму што няма моцных гарантый незалежнасці Беларусі. Усё ў руках аднаго чалавека, які самаўладна кіруе краінай і гуляе ў вельмі рызыкоўныя інтэграцыйныя гульні з Масквой. Няма моцнай эканомікі, няма палітычнага класа, які мог бы таксама спрыяць барацьбе за незалежнасць. Але мой погляд такі, што няма нейкай асаблівай катастрафічнай сітуацыі, няма такіх умоў, каб менавіта сёння Крэмль даціснуў Лукашэнку, выставіў такі ўльтыматум, і той бы падняў рукі ўгору. Таму што, як мінімум, Лукашэнка змагаецца за захаванне сваёй улады. Змагаецца бязлітасна, ён заяўляў неяк, што нават гатовы з аўтаматам у руках абараняць яе. І гэта той выпадак, калі ён кажа шчыра.

Калі казаць менавіта пра эканамічную сітуацыю, то яна сёння не бліскучая ў Беларусі. Але не такая, каб ужо зусім завал і трэба, як той жа Лукашэнка некалі казаў, паўзці на каленях у Крэмль. Таму я думаю, што гэта найхутчэй, проста моманты такога звычайнага торгу ў адносінах паміж Менскам і Масквой, плюс, магчыма, гэта элементы інфармацыйнай вайны супраць беларускага кіраўніка ці псіхалагічнага прэсінгу на яго. Мне здаецца, што  цягам наступных некалькіх дзён многае можа высветліцца. Таму што, па-першае, 13 снежня паседжанне саюзнага саўміна ў Берасці, з удзелам расейскага прэм’ера Дзмітрыя Мядведзева. І тэма яго як раз пытанні паліўна-энергетычнага комплексу. І, магчыма, напрыканцы тыдня будзе прэс-канферэнцыя Аляксандра Лукашэнкі для расейскіх журналістаў, якія як раз цяпер прыехалі ў чарговы прэс-тур.

А пакуль што ўражанне, – падсумоўвае Аляксандр Класкоўскі, – што гэта чарговы раўнд проціборства „заклятых хаўруснікаў”. З аднаго боку, Крэмль хоча зменшыць субсідыі і дабіцца ад Лукашэнкі большай лаяльнасці. А Лукашэнка вядзе сваю вядомую наступальную тактыку. І практыка паказвае, што хай не на 100 працэнтаў, але ў пэўнай ступені ён дамагаецца таго, што Масква гэтую падтрымку працягвае. Таму што хоць і наравісты беларускі хаўруснік, але ў Масквы нялепшая сітуацыя, і нават такімі хаўруснікамі прыходзіцца даражыць. 

Цалкам матэрыял:

Генадзь Барбарыч, Беларускае Радыё Рацыя