Член Савета Рэспублікі Папкоў: Трэба дэцэнтралізаваць уладу



У Беларусі трэба паступова дэцэнтралізаваць дзяржаўную ўладу шляхам надзялення большымі паўнамоцтвамі лакальныя органы кіравання, заявіў старшыня пастаяннай камісіі па рэгіянальнай палітыцы і мясцовым самакіраванні Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Аляксандр Папкоў, выступаючы 4 траўня ў Менску на пасяджэнні круглага стала ў межах XXI Міжнароднай спецыялізаванай выставы „СМІ ў Беларусі”.

„Вы заўважалі, што кіраўнік дзяржавы увесь час кажа: „Трэба дапамагчы ў апрацоўцы прысядзібных участкаў, трэба дапамагчы ва ўборцы ўраджаю”, — звярнуўся ён да ўдзельнікаў сустрэчы, сярод якіх было шмат кіраўнікоў мясцовых саветаў дэпутатаў. — Гэта таму, што мы не стварылі умоў, каб мясцовае насельніцтва спраўлялася без адпаведнай дапамогі. Але рана ці позна гэты „канёк” сыдзе, бо гэта пэўныя выдаткі. Суб`екты гаспадарання будуць паціху гэтыя пытанні здымаць, нам трэба думаць аб нейкіх іншых падыходах, каб садзейнічаць нашаму насельніцтву”.

Парламентарый раскрытыкаваў працу дэпутатаў мясцовых саветаў. У прыватнасці ён заявіў пра іх „нізкі ўзровень кампетэнтнасці”, пра тое, што ў іх працы „адсутнічае галоснасць”, што яны „не лічаць патрэбным падзяліцца сваім меркаваннем, схадзіць у народ, прыняць, растлумачыць, выступіць у газеце”. Акрамя гэтага, ён звярнуў увагу на „слабы дэпутацкі кантроль за дзейнасцю органаў дзяржкіравання”.

Папкоў адзначыў, што грамадзяне часта не звяртаюцца да сваіх дэпутатаў з праблемамі не таму, што „іх наогул нічога не хвалюе”, а таму, што „адчуваюць безнадзейнасць”, не верачы ў станоўчае вырашэнне пытанняў.

Дэпутаты павінны самі чуйна рэагаваць на запыты грамадзян, падкрэсліў ён. „Мы з вамі фармуем бюджэт, зацвярджаем яго і даходную і расходную часткі. Таму калі сёння ў чалавека няма магчымасці напіцца вады, нармальна пад`ехаць да дома, вырашыць пытанні бяспекі дзіцяці, хто павінен у першую чаргу узняць праблему на дзяржаўны ўзровень? Вядома, дэпутат”, — заявіў член Савета Рэспублікі.

belapan.by