Члены Еўрапейскай рады абмяркуюць, як рэагаваць на сітуацыю ў Беларусі



Старшыня Еўрапейскага савета Шарль Мішэль запрасіў членаў гэтага вышэйшага палітычнага органа Еўрасаюза 19 жніўня на відэаканферэнцыю для абмеркавання сітуацыі, што развіваецца ў Беларусі, паведамляе прэс-служба Еўрапейскай рады.

„У мінулую пятніцу нашы міністры замежных спраў абмеркавалі падзеі ў Беларусі і ва Усходнім Міжземнамор’і, — напісаў еўрачыноўнік. — З таго часу сітуацыя ў Беларусі працягвала развівацца, таму я вырашыў правесці відэаканферэнцыю ў сераду апоўдні, каб абмеркаваць гэтае пытанне”.

„Тое, чаму мы сталі сведкамі ў Беларусі, непрымальна, — канстатаваў Мішэль. — Выбары 9 жніўня не былі ні свабоднымі, ні справядлівымі. Наступны гвалт над мірнымі дэманстрантамі быў шокам і заслугоўвае асуджэння. Вінаватыя павінны быць прыцягнутыя да адказнасці. ЕЗ пачаў працу над санкцыямі”.

Лідар Еўрапейскай рады перакананы, што народ Беларусі „мае права вызначаць сваю будучыню”, а для гэтага „неабходна спыніць гвалт і пачаць мірны і ўсеагульны дыялог”. Кіраўніцтва Беларусі, на яго думку, „павінна адлюстроўваць волю народа”, пры гэтым „не павінна быць ўмяшання звонку”.

„Грунтуючыся на гэтых прынцыпах, мы абмяркуем, як лепш за ўсё рэагаваць на зменлівую сітуацыю ў Беларусі”, — адзначыў Мішэль.

Пра намер склікаць пазачарговае пасяджэнне Еўрапейскай рады, каб абмеркаваць сітуацыю ў Беларусі, Шарль Мішэль паведаміў раней 17 жніўня ў сваім твітэр-акаўнце. Ён напісаў, што „народ Беларусі мае права вырашаць сваю будучыню і свабодна абіраць свайго лідара”. Ён падкрэсліў, што „гвалт супраць пратэстоўцаў недапушчальны і не можа быць дазволены”.

14 жніўня адбылася пазачарговая сустрэча Савета міністраў замежных спраў ЕЗ, паводле вынікаў якой было заяўлена, што Еўрапейскі Звяз лічыць выбары прэзідэнта Беларусі сфальсіфікаванымі і не прызнае іх вынікі. Сярод іншага на сустрэчы было заяўлена, што „праца над дадатковымі спісамі ў межах існых санкцый у дачыненні да Беларусі пачнецца неадкладна”.

belapan.by