Чым будзе займацца партыя Сяргея Калякіна падчас выбарчай кампаніі?



Лідар Беларускай партыі левых “Справядлівы свет” выказаў сваё стаўленне да выбараў, каронавіруса і безадказнасці ўладаў.

Сяргей Калякін: Я ўжо казаў, што наша партыя ніякім чынам не будзе прымаць удзел у гэтай прэзідэнцкай кампаніі. Але не выключаю, што, калі ў жніўні будзе нармальная сітуацыя з эпідэміяй, то мы накіруем на выбары сваіх назіральнікаў.

Хаця ні ў якія камісіі сваіх людзей вылучаць не будзем, бо гэта проста няправільна і злачынна падвяргаць не толькі нашых, але і ўсіх астатніх людзей рызыцы.

РР: Лічыце, што зараз не час для выбарчай кампаніі?

Сяргей Калякін: Я не ведаю, пра што думаюць улады, якія арганізоўваюць цяперашнюю выбарчую кампанію. І на што спадзяюцца.

Нават не ўяўляю: як можна ў такой сітуацыі ісці ў кватэры да людзей, каб збіраць подпіс? І што ім казаць: я прыйшоў вас заразіць? Ты ж не ведаеш, ці хворы. Каб быць упэўненым, трэба будзе кожны дзень тэставаць сябраў ініцыятыўных груп, якія будуць збіраць подпісы перш чым іх адпраўляць па кватэрах. У адваротным выпадку ты, можа быць, няшчасці людзям нясеш – хваробу альбо смерць.

Таму было б абсурдам удзельнічаць ва ўсім гэтым нашым кандыдатам. У гэтых умовах правядзенне выбарчай кампаніі, якая будзе суправаджацца шматмільённымі кантактамі паміж людзьмі, гэта проста злачынства перад народам і перад будучыняй Беларусі. І мы ў гэтым удзельнічаць не будзем.

РР: Ці ёсць шанц, што выбары перанясуць, калі сітуацыя не зменіцца?

Сяргей Калякін: Калі ва ўладаў прачнецца розум і адказнасць за тое, што яны робяць, то павінны перанесці. Гэта вельмі проста зрабіць. Для гэтага патрэбна ўвесці надзвычайнае становішча, хаця яно ўжо па сутнасці існуе.

У нас жа большасць дзяцей у школы не ходзяць, частка прадпрыемстваў працуе дыстанцыйна, і людзі знаходзяцца на самаізаляцыі. Гэта дэ-факта і ёсць надзвычайная сітуацыя. Проста трэба яе замацаваць дэ-юрэ і перанесці выбары да заканчэння каронавіруснай інфекцыі. І ўсё будзе ў суадноснасці з Канстытуцыяй Беларусі.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя